Выйшаў першы нумар літаратурнага альманаха "Новы Замак"

З'явіўся першы выпуск гарадзенскага літаратурнага альманаха «Новы Замак».


У ім — творы дваццаці аднаго аўтара. Апроч вершаў і прозы, публікуюцца таксама пераклады паэзіі, крытыка, дзённікі. Альманах — выданне Гарадзенскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання «Саюз беларускіх пісьменнікаў». Выйшаў ён у выдавецтве «Кнігазбор» накладам дзвесце асобнікаў.

Назва альманаха мае ўвасабляць духоўныя каштоўнасці Гарадзеншчыны: у Новым каралеўскім замку захоўваюцца музейныя зборы, калекцыя старадрукаў і фонды Абласной бібліятэкі імя акадэміка Яўхіма Карскага.

Першы выпуск быў падрыхтаваны да друку прыканцы 2012 года. Сёлета плануецца выдаць другі нумар гадавіка.

Апроч вершаў і прозы, у «Новым Замку» публікуюцца пераклады паэзіі, крытыка, дзённікі, хроніка. Прафесар Аляксей Пяткевіч у «Крэсках з мае дарогі» ўспамінае, як у Горадні адбывалася змаганне за беларускую школу.

У Горадні двойчы — у 1956 і 1958 гадах — выходзіў абласны літаратурны альманах «Нёман». У 1986-м «Мастацкая літаратура» выдала зборнік твораў літаратараў з Гарадзеншчыны «Краю мой Нёман». Філія СПБ, якім кіруе Мікалай Чаргінец, выпускае свой альманах «На нёманскай хвалі».

 

svaboda.org