Выйшаў першы нумар магілёўскага альманаха "Брама"

Нагадаем, што свае альманахі маюць таксама Гродзенскае (“Новы Замак”) і Брэсцкае (“Жырандоля”) абласныя аддзяленні СБП. Гомельскія літаратары таксама рыхтуюць першы выпуск свайго выдання.

У першым выпуску альманаха “Брама” змешчаныя паэзія, проза, драматургія, а таксама пераклады і літаратуразнаўчыя артыкулы, успаміны і эсэ, прысвечаныя жыццю і творчасці Сяргея Грахоўскага, Аляксея Пысіна, Міхася Ларчанкі, Рыгора Бярозкіна, Яўгеніі Янішчыц, Янкі Сіпакова. Усяго на старонках “Брамы” апублікаваныя матэрыялы 27 аўтараў.

Як адзначае ў прадмове да альманаха Мікола Яцкоў, Старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення СБП, прыдняпроўскія пісьменнікі вельмі дзейсныя і актыўныя — ужо другі год выдаецца інфармацыйны бюлетэнь “Дняпроўская Строма”, пастаянна праводзяцца літаратурныя сустрэчы, выходзяць кнігі і публікацыі ў рэспубліканскім друку. Лагічны крок — выхад выдання, у якім шырока прадстаўленая творчасць людзей, лёс якіх звязаны з Магілёўшчынай.

У “Браме” можна азнаёміцца з прозай Сяргея Украінкі, Валерыя Казакова, Таццяны Барысік, Алены Казловай, Анатоля Санаценкі, Уладзіміра Савіча, Міхася Калясянца, вершамі Дзяніса Сідарка, Міколы Яцкова, Алы Яцковай, Аляксея Карпенкі, Фелікса Шкірманкова, Ёўгі Казловай, Віктара Качана.

Тамара Аўсяннікава выступіла ў альманаху і з апавяданнем, і з вершамі, і з эсэ пра Яўгенію Янішчыц. Драматургія прадстаўлена п’есай Віталя Еўмянькова.

Вялікая ўвага ў альманаху надаецца культуралагічным тэмам, літаратуразнаўству. Напрыклад, апублікаваныя матэрыялы да 60-годдзя мастака і паэта Базыля Камарова: артыкул Васіля Аўраменкі, “Карацелькі” ўласна Базыля Камарова, верш Міхася Булавацкага, прысвечаны мастаку.

Завяршаецца альманах рубрыкай “Сатыра і гумар”.

        

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"