Выйшаў першы том Збору твораў Яўгеніі Янішчыц

У першы том увайшлі вершы Я. Янішчыц, прыжыццёва апублікаваныя ў шасці паэтычных зборніках паэтэсы і кнізе выбранай паэзіі. Упершыню вершы прадстаўлены разам з літаратуразнаўчымі і навуковымі каментарыямі да іх. Таксама ў томе чытач знойдзе ўступны біяграфічны артыкул, хроніку жыцця і творчасці, радаводы па лініі маці і бацькі, успаміны родных, суседзяў, аднакласнікаў, настаўнікаў. Вялікая частка літаратуразнаўчых каментарыяў да вершаў была адмыслова напісаная для гэтага выдання.

Гэта своеасаблівая энцыклапедыя, прысвечаная жыццю і творчасці адной пісьменніцы. Да другога і чацвёртага тамоў будуць прыкладацца дыскі: першы дыск з запісам песень на словы Я. Янішчыц у выкананні беларускай спявачкі Таццяны Беланогай, фотаздымкі паэтэсы і вершы ў прачытанні Я. Янішчыц. У другі дыск увойдуць фільмы, прысвечаныя паэтэсе.

Першы том можна набыць у мінскай «Акадэмкнізе», а таксама ў самім выдавецтве.

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"