Выйшаў трэці нумар альманаха «Новы Замак»

На старонках альманаха, рэдактарам якога выступіў старшыня Гарадзенскай філіі СБП Юрка Голуб, а ўкладальнікам — пісьменнік Сяргей Астравец, можна пабачыць тэксты 26 аўтараў.

Значнае месца адводзіцца паэзіі і прозе, а таксама дзённікам і сучасным мемуарам. Напрыклад, чытач знойдзе ў новым нумары ўспаміны пра Васіля Быкава, істотная частка жыцця якога звязаная з Гародняй.

Гарадская, а таксама гістарычная тэматыка прываблівае аўтараў “Новага Замка”. З’явіліся новыя рубрыкі — “Фарбы Панямоння”, у якой выказваюцца мастакі пра ўласнае бачанне краявідаў і архітэктуры Гародні, і Civitat Grodnensis, куды ўвайшлі матэрыялы, прысвечаныя легендам і нядаўняму мінуламу горада.

Рэдакцыйная рада альманаха запрашае да супрацоўніцтва мясцовых беларускамоўных аўтараў, пра ўмовы падачы тэкстаў можна прачытаць напрыканцы нумара.

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"