Выйшаў трэці том дзённікаў Рыгора Барадуліна

Трэці выпуск паказвае Рыгора Барадулін ў вельмі загружаны для яго час, калі ён шмат працаваў над вершамі, артыкуламі, перакладамі, рэдагаваў і рэцэнзаваў новыя кнігі ў выдавецтве "Мастацкая літаратура", вёў перапіску з аўтарамі з усяго СССР, быў пастаянным членам літаратарскіх дэлегацыяў, вядоўцам і ўдзельнікам сотняў літаратурных вечарынаў, канферэнцый і з'ездаў. За гэтыя чатыры гады Рыгор Іванавіч не толькі па-ранейшаму шмат падарожнічаў па Беларусі, але наведаў амаль усе рэспублікі Савецкага Саюза, пабываў у працяглых паездках на Кубу, у Балгарыю, Італію, Чэхаславакію, двойчы пабываў на Далёкім Усходзе. Акрамя падарожных уражанняў, а таксама працоўных і побытавых зацемак, кнігу дапаўняюць эпіграмы і вершы, якія нідзе раней не друкаваліся.

Істотным дадаткам да тома з'яўляюцца рэдкія фотаматэрыялы з сям'і паэта: здымкі, малюнкі, копіі рукапісаў. У прадмове ўкладальніца дзённікаў Наталля Давыдзенка паведамляе, што амаль падрыхтаваны да выдання і чацвёрты выпуск "Дзённікаў і запісаў". Папярэднія два пабачылі свет у 2015 годзе.

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў", zbsb.org