Выйшаў з друку "Дзеяслоў" № 58

 “Дзеяслоў” № 58 пачынаецца з рубрыкі “Паэзія”, цалкам прадстаўленай жаночымі імёнамі. У новым нумары часопіса свае вершы прэзентуюць Людміла Рублеўская, Іна Снарская, Віка Трэнас, Ганна Аўчынікава і Ганна Новік.

У “Дэбюце” таксама толькі спадарыні: Анастасія Грук, Вераніка Кашкан і Яўгенія Руль.

У “Словах” чытайце гутарку Алены Масла са шведскай перакладчыцай, літаратуразнаўцай, крытыкам дзіцячай літаратуры Янінай Арлоў пра беларуска-шведскія паралелі ў дзіцячым кнігавыданні.  У той жа рубрыцы — Віктар Жыбуль, адказваючы на пытанні Валера Прычынца, расказвае пра свае першыя спробы ў вершаскладанні, пра тое, як у дзяцінстве, спяваючы на музычных занятках “Купалінку”, не разумеў, што такое “ружы збірае”, пра “Бум-Бам-Літ” і многае іншае.

У “Прозе” чытачоў чакае працяг “Рурыкавічаў і Рагвалодавічаў” Генрыха Далідовіча, “рамана у апавяданнях з прадмовай і пасляслоўямі”, а таксама творы Паўла Ляхновіча, Алеся Паплаўскага, Аляксандра Лукашука, Алеся Усені.

Пра “жыццёвыя і творчыя перазовы” Наталлі Арсенневай і Ларысы Геніюш разважае Ала Петрушкевіч у “Крытыцы”.

У нумары яшчэ шмат цікавага. Не прапусціце!

Прэсавая служба СБП