Выйшла “Берлінская мазаіка” Алеся Тарановіча

У серыі “Бібліятэчка
часопіса Дзеяслоў” выйшла кніга эсэ беларускага мастака і пісьменніка Алеся
Тарановіча “Берлінская мазаіка”.
З 1998 года Алесь Тарановіч жыве ў Нямеччыне, жыццю на чужыне, сучаснай Нямеччыне і немцам, а таксама Беларусі і беларусам прысвечаныя эсэ з яго новай кнігі.
У анатацыі да кнігі гаворыцца: “Проза і эсэістыка Алеся Тарановіча зачаравала чытачоў часопіса “Дзеяслоў” сваёй лірычнай паэтычнасцю і метафарычнай вобразнасцю, якія дзіўна спалучаюцца з вострай сацыяльнасцю, надзённасцю і ўражваюць назіральнасцю аўтара”.
Пра аўтара
Алесь Тарановіч (Алесь Эроціч) нарадзіўся ў Мінску ў 1955 годзе. Мастак, мастацтвазнаўца, журналіст, празаік, эсэіст, паэт, сцэнарыст. У 1984 годзе закончыў Беларускую акадэмію мастацтваў і па ўласным жаданні паехаў працаваць на Вілейшчыну ў вёску Хамутнае – паміж Крывічамі і Будславам – падымаць беларускую культуру. Падчас “перабудовы” вярнуўся ў Мінск і пачаў працаваць старэйшым экспертам БФК – рабіў выставы беларускага незалежнага мастацтва. Паралельна працаваў як мастак андэграўнду. Са створанага ў тыя часы найважнейшымі лічыць тры рэчы: мастацкую суполку “Галіна”, галерэю “Шостая лінія” і тэатр “Сталёвы аргазм”. Тады ж таксама шмат працаваў як журналіст і мастацтвазнаўца, друкаваўся ў беларускіх газетах і часопісах.У 1998 годзе пераехаў жыць у Берлін. У тым жа годзе прыйшоў да Бога, што прывяло да перагляду духоўных каштоўнасцяў. Бярэ актыўны ўдзел у беларускім жыцці ў Еўропе і Амерыцы. У 2001 годзе арганізаваў у Берліне выставу беларускіх мастакоў з розных краінаў Еўропы, якая вылілася ў доўгатэрміновы праект. Сябра трох берлінскіх літаратурных клубаў. Сябра БАЖ з 1998 года. Жанаты, мае сына.
Прэсавая служба СБП