Выйшла “Чытанка для маленькіх” з каляровымі малюнкамі

Новай цудоўнай кнігай “Чытанка для маленькіх” папоўнілася серыя “Каляровы ровар”, што выходзіць у Бібліятэцы Саюза беларускіх пісьменнікаў “Кнігарня пісьменніка”. 

У кніжку ўвайшлі творы з першай часткі “Чытанкі для дзіцячага садка”, укладзенай Вінцуком Вячоркам і Пятром Садоўскім, якая выходзіла ў 2008 годзе і многім палюбілася.

Новае выданне выйшла ў выдавецтве “Кнігазбор” на замову МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”.

“Чытанка для маленькіх” — гэта выдатны падарунак для тых, у каго маленькія дзеці. Кніга змяшчае вершы і казкі, калыханкі і гульнёвыя прыпеўкі для дзетак да трох гадоў. Творы ў чытанцы сабраныя як народныя, так і аўтарскія.

Дзеткі могуць смела гартаць гэтую кніжку, бо яна ў цвёрдай вокладцы, а старонкі надрукаваныя на шчыльнай паперы. А гартаць яе яны будуць з сапраўдным задавальненнем, будзьце пэўныя! Выданне аздобленае прыгожымі і яркімі малюнкамі мастачкі Святланы Каньковай-Дударэнка.

У хуткім часе “Чытанку для маленькіх” можна будзе набыць у кнігарнях Мінска і іншых гарадоў Беларусі.

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"