Выйшла "Дняпроўская строма" № 17
Гэтае выданне фактычна цалкам прысвечанае памяці тых пісьменнікаў, якія адышлі ў лютым 2013-га.
Адкрываецца бюлетэнь артыкуламі-згадкамі пра Івана Архіпавіча Аношкіна. Яраслаў Клімуць, старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі ТБМ імя Францішка Скарыны, згадвае:
— Іван Аношкін быў сярод заснавальнікаў у Магілёве ў 1989 годзе Таварыства беларускай мовы. Ён усё рабіў, каб беларуская мова не засталася толькі кніжнай. Гэтай вялікай місіі ён служыў усё жыццё. Быў заўжды ў народзе. Сустракаўся з дзецьмі ў дзіцячых садках, школах, бо менавіта адтуль якраз і прывіваецца роднае слова.
Грамадскі дзеяч Сяргей Брыцікаў адзначае:
— Ён належаў да нешматлікай, але вельмі каштоўнай кагорты беларускіх нацыянальных інтэлігентаў. Высілкамі такіх людзей захоўваюцца мова, краіна, успамін пра нашу велічную гісторыю. Заўсёды сціплы, таленавіты чалавек, ён да апошняга ўдзельнічаў у сустрэчах з чытачамі. Самааддана працаваў у грамадскім „Гарадскім магістраце“ — займаўся вяртаннем гістарычных імёнаў нашым вуліцам.
Асаблівыя старонкі "Дняпроўскай стромы" прысвечаныя Сакрату Яновічу. Пісьменнік, старшыня Магілёўскага аддзялення СБП Мікола Яцкоў у сваім артыкуле апісвае гісторыю свайго знаёмства, сяброўскай перапіскі і сустрэчы з Сакратам Яновічам. Да матэрыялу прыкладаюцца рэдкія фотаздымкі з архіва Міколы і Алы Яцковых, якія друкуюцца ўпершыню. Яны былі зробленыя ў ліпені 2003 года на міжнароднай сустрэчы “Беларускі Трыялог”, што адбылася на Беласточчыне, на радзіме Сакрата Яновіча, у Крынках. Чытачы могуць азнаёміцца з лістамі, напісанымі спадаром Яновічам да Міколы Яцкова.
Завяршаецца бюлетэнь вянком памяці паэту Івану Ягоравічу Пехцераву.
Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"