Выйшла "Дняпроўская строма" № 18

Адкрываецца нумар матэрыялам Яраслава Клімуця да 120-годдзя з дня нараджэння Максіма Гарэцкага “А ўсё ж жыццё мацней”. У рубрыцы “Нашы юбіляры” можна дазнацца, хто з вядомых беларускіх пісьменнікаў родам з Магілёўшчыны адзначыў свой юбілей у лютым.

Лютаўскае пасяджэнне Рады ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”, пасяджэнне Магілёўскага абласнога аддзялення, выступленне Алеся Пашкевіча і Алеся Камоцкага ў Бабруйску таксама асвятляюцца ў “Дняпроўскай строме”.

Асаблівай увагі варты артыкул, прысвечаны інтэлектуальнаму спаборніцтву для школьнікаў “Беларускае пяціборства”, які праводзіцца ў Магілёве пры падтрымцы магілёўскай філіі ТБМ і ўніверсітэта імя А. Куляшова з 2001 года.

Шэраг матэрыялаў у бюлетэні прысвечаныя правядзенню разнастайных імпрэзаў да Міжнароднага дня роднай мовы. Магілёўскія пісьменнікі наведалі з выступамі школы ў вёсках Княжыцы і Лапацічы, адбыліся тэматычныя сустрэчы ў некалькіх адукацыйных установах у Магілёве.

З 18 нумара з’явілася ў “Дняпроўскай строме” акрамя публіцыстыкі і мастацкая літаратура: урывак з паэмы Алеся Казекі, апавяданне Таццяны Барысік.

Напрыканцы бюлетэня змешчаныя нататка пра новую кнігу Фелікса Шкірманкова, артыкул-віншаванне гісторыка, пісьменніка і краязнаўца, сябра СБП Уладзіміра Ліўшыца з днём народзінаў і працяг яго матэрыяла “Горацкія сябры Янкі Купалы”.

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"