Выйшла “Дзікае паляванне караля Стаха” па-англійску ў Вялікабрытаніі

Аповесць Уладзіміра Караткевіча “Дзікае паляванне караля Стаха” ў перакладзе Мэры Мінц на ангельскую мову выдала брытанскае выдавецтва Glagoslav Publications.

“Дзікае паляванне караля Стаха” — гэта містычны трылер на гістарычным фоне, — гаворыцца ў анатацыі кнігі на сайце выдавецтва. — З першых старонак чытач занураецца ў атмасферу цёмнага страху перад непазбежным. Яму не спатрэбіцца шмат часу, каб пачаць з трывогай суправаджаць Беларэцкага на балотах у сустрэчах з дзіўнымі асобамі, якія аказваюцца вар’ятамі ці напалоханымі або хаваюць нешта важнае, а часам і проста няшчаснымі”. 

Адзначаецца, што канва аповесці “ўключае і асабістую тэму сумных разважанняў аўтара пра лёс нацыі”. 

Як паведамляецца на сайце выдавецтва Glagoslav Publications, кніга выдадзеная ў мяккім і цвёрдым пераплётах, ёсць таксама магчымасць купіць яе ў электронным выглядзе. Цана выдання ў цвёрдай вокладцы складае 25,5 фунтаў, у мяккай — 18,8 фунта, у электронным выглядзе — 9,95 фунта.

ПрайдзіСвет