Кніга не столькі пра крымінальную справу, паводле якой Алесь Бяляцкі быў асуджаны на 4,5 гады турмы, колькі пра справу ягонага жыцця — абарону грамадзянскіх і культурных правоў чалавека.
"Бяляцкі — асноватворны персанаж гісторыі. Пасадзі яго на пустым месцы, тут неўзабаве з’явіцца музей, царква і праваабарончая арганізацыя. Культура, вера і права. Зразумела, гэта будуць не столькі будынкі, колькі людзі, грамадзянская супольнасць, пачаткі грамадства", — піша ў пасляслоўі рэдактара Сяргей Дубавец.
Таксама ў хуткім часе мусіць пабачыць свет кніга літаратуразнаўчых артыкулаў Алеся Бяляцкага. Выданне падрыхтавала да друку калега Алеся Паліна Сцепаненка — з ім яна працавала ў літаратурным музеі Максіма Багдановіча. У зборніку сабраныя літаратуразнаўчыя артыкулы, якія Бяляцкі пісаў, пачынаючы з 1986 года, літаратурная крытыка, артыкулы па гісторыі беларускай літаратуры і апошняе яго эсэ, напісанае ўжо ў турме, пра беларускую турэмную літаратуру.
Вольга Хвоін, паводле novychas.info