Выйшла кніга, якая дапаможа "ўехаць" у літаратуру

Гэтак павялося, што ў нашым літаратуразнаўстве "па змоўчанні" ўсё ёсць: і гісторыя літаратуры, і тэорыя, і энцыклапедыі, і падручнікі, і зборнікі дакументаў, і бліскуча падрыхтаваныя і адкаментаваныя тэкстолагамі выданні ўсіх значных пісьменнікаў — выбірай на свой густ, атрымлівай асалоду і глыбіню ведаў, уменняў, навыкаў.

Аднак пачаўшы, уласна кажучы, выбіраць, заўважаеш рознага кшталту парадоксы, "белыя" (а то і "чорныя") плямы, правалы, недахопы і аднастайнасць кніжнага рынку.

Апошняе — дык стапрацэнтна. Сапраўды добрую беларускую літаратуразнаўчую кніжку шукаць трэба не ў звычайных кнігарнях, а ў букіністычных аддзелах, куды, паводле зусім зразумелых прычын, яна трапляе не кожны дзень. У выніку на якую класічную работу Мальдзіса, Кісялёва, Бярозкіна, Кабаковіч, Каханоўскага, Ралько "палюеш" не адзін год, а пераважна чытаеш у бібліятэцы (і пераважна — у адной з найбуйнейшых, бо ў астатніх далёка не заўсёды тую кніжку знойдзеш).

Такія парадоксы, зрэшты, зразумелыя: кола літаратуразнаўцаў дастаткова вузкае, таму адмысловых захадаў па папулярызацыі іх навуковай прадукцыі рабіць быццам бы і не варта — раскупілі б хаця тое новае, што выдаецца. Праўда, пры гэтым забываюць пра 5 тысяч настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры, а таксама выкладчыкаў ВНУ… Як ім атрымаць добрую не метадычную, бо з гэтым куды прасцей, а літаратуразнаўчую кніжку?

І найбольшая праблема тут у разуменні сучаснай беларускай літаратуры. Звычайна яе вывучэнне заканчваецца дзевяностымі гадамі. І гэта ў найлепшым выпадку. Далей — поўны змрок і натомленасць духу. Калі ў Мінску яшчэ ўяўляюць усю складанасць сітуацыі, то "на мясцох" адчуць усе нюансы значна складаней. Да таго ж "новая беларуская літаратура", якая паўстала пасля абвяшчэння незалежнасці, не ўпісваецца ў прыгожыя схемы літаратуры савецкай.

Адпаведна, назіраецца істотны падзел: пра Шамякіна, Быкава і Мележа як быццам усё ведаем, а далей — правал у бессвядомае. Таму і школьнікі, і студэнты, якіх нейкім ветрам часам заносіць у шэрагі сучасных беларускіх літаратараў, напачатку ўваходзяць у шокавы стан: колькі новых імёнаў трэба запомніць, знакавых кніг, падзей, арганізацый, суполак, прэмій, разабрацца ў так званых "літаратурных пакаленнях", адметнасцях у найноўшай прозе і паэзіі на беларускай мове. Задача гэтая, зрэшты, нават прыемная для чалавека, апантанага літаратурай. Аднак для таго і існуюць філолагі, каб спрашчаць людзям жыццё, прыводзячы ўсё ў сістэму.

Прыкладам падобнай структурызацыі, і даволі ўдалым, варта лічыць новую кніжку Аксаны Бязлепкінай "100 слоў пра сучасную беларускую літаратуру". Праца яе даволі кампактная, але гэта не азначае, што аўтарка абмежавалася дэклараванымі 100 словамі. Апошнія ў нашым выпадку азначаюць сто слоўнікавых артыкулаў, размешчаных у алфавітным парадку, якія і ўтвараюць кнігу.

Такім чынам, гэта "нелінейнае літаратуразнаўчае чытво". Усім, хто бярэ кнігу ў рукі, адразу прыгадваецца знакаміты "Паэтычны слоўнік" Рагойшы, які неаднаразова перавыдаваўся. У той жа час Бязлепкіна, бясспрэчна, не мела на мэце засяроджвацца выключна на паэзіі, характар слоўнікавых артыкулаў у яе кнізе дастаткова стракаты. Тут ёсць персанальныя артыкулы пра пісьменнікаў, творчасць якіх, на думку аўтара, вызначае характар сучаснага літаратурнага працэсу (У. Арлоў, В. Быкаў, А. Глобус, У. Караткевіч, А. Разанаў, А. Сыс, А. Федарэнка, А. Хадановіч); таксама аналізуюцца жанры найноўшай літаратуры (разам з натуральнымі для даведніка артыкуламі "Апавяданне", "Аповесць", "Навела", "Паэма" можна сустрэць і дагэтуль нязвыклыя для чытача беларускамоўнай кнігі "Альтэрнатыўная гісторыя", "Комікс", "Перформанс", "Фэнтэзі"). Хапае ў кнізе звестак пра самыя розныя літаратурныя аб'яднанні і арганізацыі, прэміі, маніфесты. Не забывае аўтарка і пра тэорыю літаратуры, звязваючы з паняццямі і тэрмінамі канкрэтныя тэксты. Ёсць у кнізе і даволі сумнеўнае, але, тым не менш, часта ўжыванае разасабленне літаратуры па тэматыцы (побач з "Ваеннай прозай", "Вясковай прозай", "Гістарычнай прозай", "Дзіцячай літаратурай" тут можна пачытаць і пра "Жаночую паэзію", "Жаночую прозу", "Рэлігійную тэму ў літаратуры", "Чарнобыльскую тэму", "Эратычную літаратуру"). Падзел гэты ўмоўны і, па вялікім рахунку, надуманы, але ў нашым літаратуразнаўстве прыжыўся. А Бязлепкіна ў прадмове абачліва папярэджвае: "У гэтай кнізе сучасная беларуская літаратура паўстае такой, якой яе бачаць сучасныя беларускія літаратуразнаўцы і крытыкі. Такім чынам, кніга з'яўляецца падсумаваннем работы айчыннага літаратуразнаўства і крытыкі, своеасаблівым іх люстэркам".

Што сказаць, адбітак у люстэрку не заўсёды выглядае прывабна. Таму структурызатар, які вымушаны рабіць спасылкі на галіновыя работы, у нас вельмі моцна рызыкуе. Бо асобныя кірункі яшчэ не распрацаваны, не так шмат і манаграфій, прысвечаных асобным сучасным пісьменнікам. Відаць, таму і кніга Бязлепкінай атрымалася крыху хаатычнай і "раскіданай". Карціна літаратуры ў ёй — тыя аскабалкі, якія асвоены сучасным літаратуразнаўствам.

Вось жа, не будзем доўга затрымлівацца на недахопах (бо для іх аналізу варта пісаць асобную рэцэнзію) і пасумуем у чарговы раз над доляю аналітыкаў сучаснай літаратуры, прыгадваючы вядомы эпіграф да п'есы "Рэвізор". Доля гэтая складаная, бо крытык і літаратуразнаўца не паспявае за развіццём літаратуры. У найлепшым выпадку, ён можа рухацца разам з ёю, падспудна "ўрубаючыся", скажам так, у мову і генезіс. А ў горшым — збіваецца на штампы пра тэму, тэндэнцыю і біяграфію. Чытаючы "100 слоў пра сучасную беларускую літаратуру", я не раз рабіў "птушачкі", хацеў нешта перапісаць, дадаць і аспрэчыць. А ці не гэта доказ таго, што кніжка ўдалася? Для тых, хто толькі адкрывае свет "сучбелліту", выданне будзе надзвычай карыснае.

Бо толькі здаецца, што беларуская літаратура скончылася на Шамякіну з Караткевічам. Дастаткова зрабіць крок — і цябе літаральна заваліць добрымі кнігамі. Квітком у гэтае вясёлае балота і з'яўляецца кніга Аксаны Бязлепкінай.

Шчаслівай дарогі!

Ціхан Чарнякевіч

газета "Звязда"