Выйшла кніга-малютка ад Сяргея Чыгрына

Андрэй Мялешка паразмаўляў з аўтарам гэтага выдання, слонімскім краязнаўцам і журналістам Сяргеем Чыгрыном.

— Спадар Сяргей, пра што гэтая маленькая кніжка?

— У кнізе, якую цяпер можна набыць толькі ў двух месцах — у Слоніме ў кніжнай краме на Першамайскай вуліцы (каля танка) і ў Мінску ў “Кніжным салоне” на вуліцы Калініна, — сабраныя 100 легендаў і паданняў, якія я збіраў некалькі гадоў па вёсках і хутарах Слонімшчыны. На жаль, кніжка выйшла вельмі маленькім накладам — 100 асобнікаў — і адразу зрабілася рэдкасцю не толькі для аматараў кнігі, але і для калекцыянераў.

— Вас ведаюць як аднаго з самых пладавітых аўтараў на Гарадзеншчыне. Колькі кніг вам удалося выдаць?

— Калі казаць шчыра, то за апошнія тры гады ў мяне выйшла больш за 30 уласных кніг, а яшчэ 20 я падрыхтаваў: дзе пісаў прадмову, дзе рэдагаваў. Але пакуль самай улюбёнай з’яўляецца гэтая малафарматная кніжка, што выйшла сёлета ў выдавецтве “Беларускі кнігазбор”.

— Што яшчэ цікавае ўдалося зрабіць у гэтым годзе?

— Было падрыхтаванае цікавае выданне “Краязнаўчымі сцежкамі Зэльвеншчыны”. Гэта, можна сказаць, унікальнае выданне, якое было забароненае мясцовай вертыкаллю ў Зэльве. А забаранілі яго таму, што там шмат напісана пра Янку Геніюша і пра Ларысу Геніюш. Спачатку ў зэльвенскіх школах праходзілі прэзентацыі, а потым нехта кнігу прачытаў і забараніў. Але я планую праводзіць прэзентацыі яшчэ. У мяне ёсць 30 асобнікаў кнігі, і я думаю падарыць іх кожнаму ў Зэльвенскім райвыканкаме. Апроч гэтай кнігі, сёлета пабачыў свет “Слонімскі буквар”, дзе на кожную літару можна знайсці даволі цікавыя рэчы. Напрыклад А — гэта Альберцін, Б — бібліятэкі. Я лічу, што такі буквар павінен быць у кожнай мясцовасці. Думаю, у гэтым годзе мы выдадзім яшчэ пару цікавых кніг, што будуць патрэбныя не толькі жыхарам Слоніма, але і любому іншаму жыхару Беларусі.

Размаўляў Андрэй Мялешка
Фота http://region4.by і http://www.svaboda.org

budzma.org