Выйшла лютаўская “Літаратурная Беларусь”

Сёння выйшаў 54-ы нумар культурна-асветніцкага праекту Саюза беларускіх пісьменнікаў і газеты “Новы час” “Літаратурная Беларусь”.

Адкрывае газету артыкул Станіслава Дубянецкага “На мяжы этнічнага вымірання”: “У сённяшняй Беларусі працэс дэнацыяналізацыі (дэбеларусізацыі) грамадства дасягнуў своеасаблівай «кропкі незвароту», калі ўсе сферы духоўнай культуры і побыту народа пазбаўлены сваёй нацыянальнай асновы. Такая сапраўды трагічная сітуацыя стала заканамерным вынікам шматвяковага і мэтанакіраванага выцяснення роднай мовы з афіцыйнага і грамадскага жыцця…”.

Сярод празаікаў, што прадставілі свае творы ў лютаўскай “Літаратурцы” – Віктар Казько, Віталь Быль, Сяргей Егарэйчанка і Уладзіслава Ахроменка.  Свае паэтычныя падборкі друкуюць у нумары Янусь Малец, Святлана Канькова-Дударэнка і Алесь Макрацоў.

У раздзеле “Эсэ” змешчаныя ўспаміны Анатоля Кудраўца пра Івана Мележа: “У пасляваеннай беларускай літаратуры, відаць, няма больш драматычнай постаці, як Іван Мележ. «Драматычнай» у сэнсе ўражлівасці сэрца, хваравіта-балючай рэакцыі на кожны нават нязначны знешні штуршок, ці то штуршок быў пахвалой ці крытыкай. Паляшуцкая зацятасць характару не давала нават намёку на магчымасць нейкага панібратства, хто б у яго не набіваўся. Ён ведаў сабе цану, і гэта давала права моцна стаяць на зямлі…”

Газета працягвае таксама друкаваць дзённікі народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча, ягоныя сведчанні пра працу ў Парламенце Беларусі, пра лёсавызначальны 1993 год… Гэта не стэнаграфічныя запісы, а суб’ектыўныя ўражанні, ацэнкі і думкі колішняга дэпутата Вярхоўнага Савета, своеасаблівы адбітак-адлюстраванне ягонага стану душы ў той вельмі складаны і пераломны час.

Акрамя гэтага ўвазе чытачоў прапануюцца артыкулы пра музей Васіля Быкава ва Украіне, выставу да юбілею Івана Шамякінка, паездку беларускіх літаратараў у Стакгольм, Мінскі міжнародны кніжны кірмаш і іншыя цікавосткі з літаратурнага жыцця Беларусі і замежжа.

Спампаваць 54-нумар “Літаратурнай Беларусі” можна тут.