Вызначаны лаўрэаты расійскай перакладчыцкай прэміі “Майстар-2012”

Назвалі лаўрэатаў расійскай перакладчыцкай прэміі “Майстар-2012”Расійская гільдыя “Майстры літаратурнага перакладу” абвясціла лаўрэатаў прэміі “Майстар” за найлепшыя пераклады. Імі ў 2012 годзе сталі Віктар Голышаў і Яўген Салановіч.

Віктар Голышаў стаў лаўрэатам у намінацыі “Проза” за пераклад адразу дзвюх кніг — “Пра фатаграфію” Сьюзан Зонтаг (Ad Marginem) і “Свята, якое заўсёды з табой” Эрнэста Хэмінгуэя (“АСТ”). Для новага перакладу знакамітага рамана Хэмінгуэя ўпершыню выкарыстоўваўся поўны, “адноўлены” тэкст твора. 

Яўген Салановіч быў абвешчаны пераможцам у намінацыі “Паэзія” за пераклад “Рымскіх санэтаў” Джузэпэ Джаакіна Бэлі, якія выйшлі ў “Новым выдавецтве”. Яўген Салановіч — самы вядомы расійскі перакладчык італьянскай паэзіі. 

Старшыня журы прэміі Антон Несцераў расказаў “Известиям”: “Сёлета быў сапраўды яскравы спіс, гэта сведчанне таго, што прафесійная супольнасць паверыла ў прэмію. Яна аказалася патрэбнай і прафесіяналам, і чытачам”. 

Прэмія “Майстар” заснаваная гільдыяй “Майстры літаратурнага перакладу” і існуе пры падтрымцы фонду “Прэзідэнцкі цэнтр Б. Н. Ельцына” і часопіса “Замежная літаратура”, уручаецца з 2006 году. Раней яе лаўрэатамі былі Марына Барадзіцкая, Грыгорый Кружкоў, Анатоль Гелескул, Алена Сурыц, Аляксандр Лівергант, Аляксандр Багданоўскі, Ніна Фёдарава, Вольга Седакова і іншыя перакладчыкі.

ПрайдзіСвет