Вызначаны пераможцы конкурсу “Экслібрыс” імя Янкі Маўра

Сярод 117 удзельнікаў было шмат таленавітых і вартых увагі, адзначылі ўсе пісьменнікі, якія ацэньвалі іх. У выніку гарачых абмеркаванняў нарэшце названыя 12 фіналістаў: тры пераможцы і дзевяць дыпламантаў.

Паседжанне журы. Фота Алены Казловай

Першае месца атрымлівае Вольга Гапеева з казачнымі гісторыямі “Сумны суп”, а разам з ім — планшэт ад кампаніі Prestigio і выданне кнігі.

Другім месцам уганароўваецца Дар’я Вашкевіч з казкай “Баваўняная дзяўчынка” (твор быў ілюстраваны мастачкай Аленай Медзяковай). Пераможца атрымае рыдэр ад нашых партнёраў і магчымасць выдаць кнігу.

Трэцяе месца займае пераклад “Чараўніка краіны Оз” Фрэнка Баўма, пераствораны на беларускую мову Сержуком Мядзведзевым, якому таксама дастаецца рыдэр.

У дзявятку дыпламантаў уваходзяць (у алфавітным парадку):

Праект кнігі Сяргея Календы, Дашы Заічанка і Ліды Наліўка “Дзе жывуць беларускія пачваркі”;

Надзея Кандрусевіч з перакладам твора Сары Лундберг “Віта Белая Крэска”;

Павал Касцюкевіч з перакладам “Аўтаспынам па Галактыцы” Дугласа Адамса;

Алесь Квіткевіч з перакладам першай кнігі “Хронікі Нарніі” Клайва Стэплза Льюіса (кніга мае назву “Нябож Чарадзея”);

Глеб Лабадзенка з кнігай дзіцячых моўных малюнкаў "дзіцячая заМова" і з працягам гэтага праекта;

Элеанора Ляхновіч з казкай “Турба-Элік і яго сябры” (твор быў ілюстраваны аўтарам);

Мілана Пасанен з дзённікавымі гісторыямі “Королева рулета”, якая сталася сапраўдным адкрыццём конкурсу. Аўтарцы ўсяго толькі 13 гадоў, але яе літаратурныя здольнасці, адчуванне стылю і пачуццё гумару прыемна ўразілі сябраў журы.

Наталля Рудак з перакладам “Маленькай вядзьмаркі” Отфрыда Пройслера;

Ксенія Шталенкова з працягам прыгодніцкага рамана для падлеткаў “Адваротны бок люстра”.

Усе фіналісты атрымаюць дыпломы і спецыяльныя прызы ад ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”.

Урачыстае ўзнагароджанне лаўрэатаў конкурсу “Экслібрыс” адбудзецца 12 кастрычніка ў галерэі сучаснага мастацтва “Ў”. Пачатак у 18.00. 

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"