Віктар Хурсік: "У Беларусі лёс кнігавыдаўцоў нікога не хвалюе"

Пасьля фінансавага крызысу ці ня ў самым складаным становішчы апынуліся беларускія кнігавыдаўцы. Колькіразовае падвышэньне коштаў на паперу і паліграфічныя матэрыялы зрабіла кніжны бізнэс рызыкоўнай справай. Ці ёсьць будучыня ў айчынных кніжнікаў, і хто мусіць адказваць за развал кнігавыдавецкай галіны? Госьць ДЛ – прыватны выдавец Віктар Хурсік.

– Віктар, пасьля таго, як павялічыліся кошты на імпартныя тавары, ходзяць чуткі, што многія выдавецтвы папросту самаліквідуюцца, бо людзі не гатовыя купляць кнігі па 60-70 тысячаў рублёў. Няўжо ў кнігавыданьні мы па-ранейшаму застаемся цалкам залежнымі ад замежнай паперы?

– На вялікі жаль, за 20 гадоў нашай незалежнасьці ў Беларусі не была наладжаная вытворчасьць якаснай паперы, і сёньня мы практычна ня маем ні афсэтнай, ні крэйдаванай паперы. А сучасныя кніжкі друкуюцца пераважна на афсэтнай паперы, з пэўнымі адсоткамі белізны. А раз няма ў нас у краіне такой паперы, то даводзіцца купляць у Расеі, таму тыя кошты, якія вы назвалі, на жаль, рэальныя. Калі я бачу, што ў Расейскай Фэдэрацыі на ўвоз тых паліграфічных матэрыялаў, якіх у іх няма, зьніжаныя мытныя падаткі, то я не разумею адносінаў нашай дзяржавы да гэтага пытаньня. У той сытуацыі, якая склалася, ня толькі прыватным выдавецтвам, якія і забясьпечвалі пераважна кніжную разнастайнасьць, але і дзяржаўным выдавецтвам, не паздаровіцца. Сёньня мы ня можам прадаць кнігу па тых коштах, якія вы назвалі. Гэта тычыцца і нас, прыватных выдаўцоў, і дзяржаўных выдавецтваў.

– Беларуская кніга ў параўнаньні з расейскай і так была ў невыгодным становішчы. Апрача падатковых ільготаў, пра якія вы сказалі, у Расеі дзейнічаюць шматлікія фэдэральныя праграмы кнігавыданьня. Што чакае нашых выдаўцоў у гэтай няроўнай канкурэнтнай барацьбе?

– У Беларусі лёс кнігавыдаўцоў нікога не хвалюе. Але я хацеў бы тут зьвярнуць увагу на іншае. Кніжка – гэта інфармацыйная прастора, інфармацыйная незалежнасьць. На сёньняшні дзень мы цалкам залежым у гэтым пытаньні ад Расеі, ад расейскіх пастаўшчыкоў ня толькі паперы, але і іншых паліграфічных матэрыялаў. У Расеі даўно створаныя гандлёвыя сеткі, у тым ліку і ў кніжным гандлі, і сёньня такая сетка зробленая для расейскай кнігі і ў нас. Таму што Белкніга – акцыянэрнае таварыства са значнай доляй дзяржавы – адміністрацыйна падпарадкавала сабе абласны кнігагандаль і мае цяпер у сябе кнігагандлёвую сетку з 75 крамаў. Што гэта азначае? Любы багаты чалавек можа прыходзіць і скупляць гэтыя кнігарні, а празь іх праводзіць пэўную інфармацыйную палітыку. У нашым выпадку гэта будзе палітыка расейскай дзяржавы. Зразумела, што мы, выдаўцы, і тыя, хто ня трапіў у сетку, і тыя, хто нейкім чынам супрацоўнічае з гэтым монстрам, будзем вымушаныя падпарадкоўвацца тым правілам гульні, якія дыктуе сетка.

– Давайце вернемся да коштаў на кніжную паперу. Наколькі яна павялічылася за апошні час?

– Тона афсэтнай паперы каштавала 3 800 000 рублёў, а цяпер кошт узьляцеў да 18 500 000 рублёў, то бок рэальна павялічыўся ў 5 разоў! Павялічыўся ён для беларусаў. У Расеі кошт на паперу не зьмяніўся. Гэта значыць, што шанцы расейскіх выдаўцоў прадаць сваю кнігу на нашай тэрыторыі ў пяць разоў вышэйшыя. Расейская кніга ў Беларусі і так была таньней за беларускую, а цяпер яна будзе каштаваць у пяць разоў менш! Калі беларускі кошт пэўнай кнігі складзе 50 000 рублёў, то расейскі кошт той самай кнігі будзе ўсяго 10 000. Чаму так атрымалася? Справа тут вельмі простая. Беларускія чыноўнікі праспалі і не пабудавалі своечасова, па-першае, завод для вырабу афсэтнай паперы, па-другое, прадпрыемства для вырабу паліграфічнай фарбы і іншых матэрыялаў. І сёньня ніхто за гэта не адказвае.

– У Беларусі больш за тысячу арганізацый і юрыдычных асобаў, якія маюць выдавецкія ліцэнзіі. Ёсьць і асацыяцыя выдаўцоў. Дык можа варта неяк актывізавацца ў абароне карпаратыўных інтарэсаў?

– Беларускія выдаўцы не зьяднаныя. Тая асацыяцыя, якую вы назвалі, вырашае свае карысьлівыя мэты. Я ня ведаю, хто быў афіцыйна запрошаны ў яе, але я ня памятаю ніводнага выпадку, калі б яна абараняла інтарэсы беларускіх выдаўцоў. 

– Дык няўжо дзяржава аніяк не падтрымлівае айчынных кнігавыдаўцоў? Ёсьць жа такі панятак, як сацыяльна значная літаратура. 

– Можна адкрыць сайт Міністэрства інфармацыі і пачытаць, што трапіла ў сьпіс сацыяльна значнай літаратуры. Па-першае, там вельмі шмат кніжак чальцоў прыўладнага Саюзу пісьменьнікаў, што зьдзіўляе. Там шмат твораў клясыкаў, якія раскупіліся б нават тады, калі іх выдаць і без дзяржаўнай падтрымкі. Але я хачу засяродзіць увагу на іншым. У нашай суседкі Расеі, пра інфармацыйную экспансію якой я тут гаварыў, сьпіс сацыяльна значнай літаратуры фармуецца публічна. Любы выдавец можа зьвярнуцца ў расейскае міністэрства інфармацыі і прапанаваць свой сацыяльна значны праект. Ён будзе разгледжана публічна і выдаўцу будзе паведамлена рашэньне. У Беларусі такога мэханізму няма. У нас усё вырашаецца кулюарна, і гэта, вядома ж, не на карысьць ні чытачу, ні дзяржаве.

svaboda.org