Віктар Казько: Грошы патрачу на надмагільныя помнікі сваякам

Другое месца журы аддало Таццяне Барысік з Магілёва за кнігу «Жанчына і леапард», а трэцяе — Альгерду Бахарэвічу з раманам «Дзеці Аліндаркі». Барысік і Бахарэвіч атрымаюць магчымасць творчай стыпендыі ў Швецыі і Латвіі адпаведна.

«Наша Ніва»: У пераможцаў звычайна пытаюцца, на што будуць патрачаныя грошы.

Віктар Казько: Ой, столькі ўсякіх планаў. Трэба рамонт зрабіць у кватэры, на лецішчы. А яшчэ хачу паставіць помнікі на магілах палескіх сваякоў. Можа, і хопіць.

«НН»: Вы чакалі перамогі?

ВК: Я скажу, што гэта была такая нечаканая чаканка. Канечне, я спадзяваўся на найлепшае, але рыхтаваўся да горшага. Мы і жывём дзеля нечаканасцяў, яны намі рухаюць. Я не працую дзеля прэмій, але не магу сказаць, што яны не радуюць. Канечне, радуюць. Мая жонка заўважыла, як публіка рэагавала на мяне. І гэта мяне парадавала, бо публіка ў асноўным была маладая. Некалі ў рэцэнзіі на мой «Бунт незапатрабаванага праху» Анатоль Івашчанка напісаў, што чытаць Казько — «нялёгкая праца».

«НН»: У сваёй кнізе «Час збіраць косці» Вы пішаце аб 90- х гадах, а што ў сённяшнім грамадстве Вас больш за ўсё радуе і засмучае?

ВК: Засмучае прымітывізацыя. Тэлевізар замяніў людзям кнігу, развучыў іх думаць.

«НН»: А радуе?

ВК: Вось імпрэза да прэміі Гедройца парадавала. Мяне радуе, што, нягледзячы ні на што, беларуская мова становіцца элітарнай. Раней пра яе казалі «калхозная, дзеравенская». А сёння яна становіцца здабыткам гараджан. Усё болей моладзі гаворыць на ёй.

«НН»: Але ж на ёй у гарадах усё адно гаворыць вельмі мала людзей.

ВК: А гаварыла яшчэ меней! Я бачу, што працэс ідзе. Адбываюцца пераломныя змены ва ўспрыняцці беларускай мовы. Вось чаму мяне гэта радуе.

«НН»: Каго Вы сёння чытаеце?

ВК: Не заўсёды хапае часу на чытво нашых кніжак, ды і каб знайсці іх, трэба пабегаць. Я люблю шведскіх, японскіх і кітайскіх аўтараў, я іх аб’ядноўваю, бо бачу, што яны не адрываюцца ад сваіх каранёў. Не паддаюцца на постмадэрнісцкія гульні. Яшчэ чытаю часопіс «Дзеяслоў».

«НН»: Вы верыце, што беларускі пісьменнік у грамадскай іерархіі некалі зноў можа займаць такое высокае месца, як тое было пры СССР?

ВК: Канечне, не. Калі амерыканскі пісьменнік Джон Стэйнбек наведваў СССР у 1947 годзе, то гаворка зайшла пра ролю амерыканскага пісьменніка ў грамадстве, ён адказаў: «Недзе паміж цюленем і акрабатам». У савецкія часы пісьменнікі былі часткай дзяржаўнай ідэалогіі. Сёння мы адыходзім ад ідэалогіі, і гэта добра.

«НН»: На Захадзе, ды нават і ў Расіі, ёсць некаторыя аўтары, якія пішуць зусім не папсу, але зарабляюць добрыя грошы.

ВК: Я б не сказаў, што іх шмат. Там у асноўным літаратурны пра- цэс існуе за кошт мецэнатаў. Для пісьменнікаў знаходзяцца спонсары, ёсць фонды, гранты, каб яны маглі думаць толькі аб творчасці. Гэта і Расіі тычыцца. Там дзяржава ўкладвае грошы ў пісьменнікаў, можа, і для таго, каб адцягнуць увагу ад тых самых падзей ва Украіне, у Крыме, сфарміраваць грамадскую думку. У Беларусі ж нічога такога няма, ніхто не гатовы ўкладацца ў літаратуру.

«НН»: Вы неяк казалі, што ўсе гэтыя разборкі за прэмію Гедройца ад нашай беднасці.

ВК: Вядома! Я добра памятаю, што такое дэфіцыт, якія чэргі стаялі, калі ў крамы завозілі тавары. Сёння ў чэргах стаяць не па каўбасу, а па прэмію. Бо фактычна Гедройц — гэта адзіная грашовая ўзнагарода для пісьменнікаў у Беларусі, таму за ёй стаяць у чаргу. Калі б было болей такіх прэмій, то і кулуарнай гульні было б меней.

«НН»: Дзякуй за гутарку. Віншуем Вас ад Рэдакцыі з перамогай.

ВК: Дзякуй. Я заўсёды чытаю «Нашу Ніву». Мне падабаецца, што яна самая насычаная сярод нашых газет.

* * *

Віктар Казько нарадзіўся ў 1940 у Калінкавічах. У гады вайны ад выбуху бомбы загінула ягоная маці. Гадаваўся ў дзіцячых дамах Гомельскай вобласці. Працаваў шахцёрам на Кузбасе, там і пачаў пісаць першыя творы. У 1971 пераехаў у Мінск. Працаваў у літаратурных часопісах, газетах, Саюзе пісьменнікаў. За кнігу «Суд у Слабадзе» атрымаў дзяржпрэмію БССР. У 2015-м за кнігу «Час збіраць косці» ўзнагароджаны прэміяй імя Ежы Гедройца. Жыве ў Мінску.

Гутарыў Зміцер Панкавец, Наша Ніва