Віктар Казько: «Такая сітуацыя для літаратуры – проста смерць»

Як ужо паведамлялася, Саюз беларускіх пісьменнікаў і Беларускі ПЭН-цэнтр не ўвайшлі ў лік 13 творчых саюзаў, вызначаных Міністэрствам культуры. А гэта значыць, што многія сябры аднаго са старэйшых саюзаў краіны мусяць плаціць падатак на дармаедства.

Віктар Казько: Такія рашэнні выклікаюць толькі абурэнне. Я не ведаю, як у Мінкульце ўсё гэта рабілася, але такога нідзе ў свеце няма, каб чалавека, які зарабляе сваёй творчай працай, залічвалі ў дармаеды. Пры гэтым у дзяржаве дайшлі да таго, што пісьменнікі з непраўладнага саюза павінны самі выдаваць свае творы і самі іх прадаваць. І за гэта практычна нічога не атрымліваюць. Такая сітуацыя для літаратуры – проста смерць, забіванне па-жывому. У мяне няма слоў, каб выказаць тое, што адбываецца.

РР: Можа у Міністэрстве культуры нешта наблыталі альбо не разабраліся ў сітуацыі?

Віктар Казько: Як гэта не разабраліся? Мне падаецца, што ўсё робіцца ў піку тым, хто нешта з сябе ўяўляе ў літаратуры. Гэта зламыснасць тых, хто ідзе не разам з імі. Гэта – адметнасць сёняшняй улады. Што, Мінкульт забыўся і пра Беларускі ПЭН-цэнтр? Забыўчывасць вельмі дзіўная.

РР: Сёння Саюз беларускіх пісьменнікаў збіраецца накіраваць у Міністэрства культуры афіцыйны ліст з просьбай пераглядзець гэтае рашэнне… Віктар Казько: Паглядзім, што адкажуць… Не выключаю, што могуць зрабіць “морду клінам” – вось і ўсё.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя