Віктар Маркавец. In memoriam

Для многіх імя Віктара асацыюецца з адметным праектам, здзейсненым разам з Алесем Разанавым — "Яйкаквадраты", а таксама выбітнай карцінай "Свята ў Докшыцах". Піша Юрась Ускоў.

Віктар Маркавец у майстэрні. 1980-я. Фота Анатоля Клешчука.
Віктар Маркавец у майстэрні. 1980-я. Фота Анатоля Клешчука.


Віктар Маркавец быў вучнем славутага Ахрэмчыка, сябрам Саюза мастакоў ад 1977, выкладчыкам Акадэміі мастацтваў. З яго курсаў выйшлі вядомыя сёння мастакі і пісьменнікі. Разам з Марачкіным, Караткевічам, Чарняўскім ён браў удзел у дысідэнцкай групе беларускай інтэлігенцыі "На Паддашку". Ягоная майстэрня ў Ракаўскім прадмесці была мазгавым цэнтрам руху за незалежнасць у 1980-я. У часы незалежнасці ён належаў да суполкі мастакоў "Пагоня". Нават ягонае лецішча ў Вайшкунах на возеры Балдук было цэнтрам прыцягнення для творцаў.

У Віктара Маркаўца была анкалогія. 66-гадовы мастак згас за месяц ад вострай лейкеміі. Сябры мяркуюць, што лейкемію выклікала прафесійная хвароба — атручванне феноламі.

"Мне дактары сказалі, што гэта хвароба, якая часта сустракаецца ў мастакоў і маляроў, — кажа сябар мастака Алесь Пушкін. — Віктар Пятровіч рэстаўраваў царкву ў Докшыцах і атруціўся фарбамі, дакладней феноламі. Я быў у ягонай палаце яшчэ ўчора, трымаў яго за руку.

Віктар Маркавец — той чалавек, які сціпла, па-за медыйнай прасторай, рабіў сапраўдную беларускую справу. Маркавец і Алесь Марачкін для нас, дзесяцікласнікаў, сталі сапраўднымі аўтарытэтамі. Менавіта тады я ўбачыў яго маляваныя дываны… Апошняя яго выстава была на 20-годдзі суполкі "Пагоня", ён выставіў велізарны краявід, надзвычай прыгожы. Я вельмі абрадаваўся, што Віктар Пятровіч ізноў пачаў пісаць.

Апошнія гады ён займаўся аздабленнем дзвярэй, шафаў, ладзіў выставы ў фальварку "Добрыя мыслі". Спадар Маркавец разам з жонкай стварылі ў "Добрых мыслях" сапраўды сямейную атмасферу, выстава там у 2011 годзе стала найлепшай маёй выставай за апошнія гады.

Я лічу, што галоўнае цяпер — працягнуць яго няскончаныя праекты: маляваць беларускую Вільню, напрыклад. Каб фарба на палітры Віктара Маркаўца ніколі не засохла".

"Ён стварыў сапраўды геніяльную карціну "Свята ў Докшыцах", — кажа вучань мастака Адам Глобус. — За савецкім часам мастакі малявалі свята на заводзе ці ваенны парад. Гэта ўсё было, але ўласна свята ў гэтых карцінах не было. А Віктар Маркавец паказаў, што звычайнае свята ў мястэчку можа мець велізарную колькасць святла, быць сапраўдным святам. Проста танец у мястэчку. Шкада, што спадара Віктара болей з намі няма".

"Асоба Віктара Маркаўца — з ліку легендаў беларускага Адраджэння, — расказвае мастак Рыгор Сітніца. — Калісьці разам з Алесем Марачкіным яны на матацыклах аб’ехалі ўсе тыя сцежкі, якімі хадзіў Язэп Драздовіч, літаральна вярнуўшы гэтага творцу ў гісторыю мастацтва.

Цяпер і Марачкін, і Маркавец сталі сапраўднымі класікамі. Віктар Маркавец быў вельмі сціплай, але яркай і харызматычнай асобай.

Ён спраектаваў і распісаў царкву ў Заслаўі, ён стварыў два праекты з Алесем Разанавым, у тым ліку знакамітыя "Яйкаквадраты" — не памятаю, каб калісьці раней мастак і паэт у Беларусі мелі супольны праект. Ён стварыў згуртаванне "Мастак" у Заслаўі, рабіў пленэры, напрыклад — па маляваных дыванах. Гэта рэдкае, вельмі прыгожае мастацтва, і ніхто не рабіў па ім пленэраў да Маркаўца. Віктар быў сапраўдным рупліўцам беларускай справы".

Падпольная вечарына памяці Івана Луцкевіча ў мастэрні Віктара Маркаўца. Мінск, 1981. Віктар Маркавец — крайні справа ў першым шэрагу.
Падпольная вечарына памяці Івана Луцкевіча ў мастэрні Віктара Маркаўца. Мінск, 1981. Віктар Маркавец — крайні справа ў першым шэрагу.

"Свята ў Докшыцах" (1976). Мастак намаляваў сябе з сёстрамі Валянцінай і Галінай на фоне роднага горада.
"Свята ў Докшыцах" (1976). Мастак намаляваў сябе з сёстрамі Валянцінай і Галінай на фоне роднага горада.

Віктар Маркавец і Алесь Марачкін. Іх "Яйкаквадраты" -- унікальны прыклад супольнага праекту пісьменніка і мастака.
Віктар Маркавец і Алесь Разанаў. Іх "Яйкаквадраты" - унікальны прыклад супольнага праекта пісьменніка і мастака.

Такім ён быў. Віктар Маркавец на лецішчы ў Вайшкунах. Фота Дзяніса Раманюка.
Такім ён быў. Віктар Маркавец на лецішчы ў Вайшкунах. Фота Дзяніса Раманюка.

Юрась Ускоў

ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" выказвае шчырыя спачуванні родным і блізкім спадара Віктара.

nn.by