Віктар Жыбуль на Беларускім літаратурным радыё

Лямант на кірмашы 

Аднаму паэту

– Я бедны. Я сумны. Я плáчу.
Купляйце, купляйце сьлёзы мае!
Я шмат не вазьму:
пяць даляраў – сьлязінка,
а хто купіць 10 штук –
адзінаццатую атрымае бясплатна!

Купляйце кожны мой выдых!
І што з таго, што паветра
я сам удыхаю бясплатна?
Я ж кісларод удыхаю,
а выдыхаю не штосьці вам там,
а вуглякіслы газ найвышэйшае пробы!
Купляйце, купляйце! У гас-
падарцы спатрэбіцца!
Няўжо вы ня цэніце
працу лёгкіх маіх
у хвіліны, калі мне цяжка?!

Гэй, сьмялей, падыходзьце!
Вы што, ня бачыце, што галечай і нэндзай
я даведзены да адчаю
і прадаю сам сябе на органы:
ну вось пазногці (абстрыжаныя акуратна),
ну вось валасы, ну… і хопіць:
болей нічога я вам не прадам!
Бо неахвота здымаць зь сябе фрак
і бліскучыя боты.

Ах, не падыходзіце?
Ах, не купляеце?
Ну тады я на вас
падам у суд,
КАЗЛЫ !!!

Цяпер на сайце Літрадыё можна пачытаць і паслухаць наступныя тэксты Віктара Жыбуля:

Галава трашчыць ад перагрузу…
Кацяняты
Лёс непатрэбных рэчаў…
Ліфт
Мяне ў рацэ тапілі…  
Творца і публіка
Фуга

 

Віктар Жыбуль

Паэт-авангардыст, перформер, літаратуразнаўца.

Аўтар зборнікаў паэзіі “Калі ў хаце дыверсант” (1996), “Прыкры крык” (2001), “Дыяфрагма” (2003), “Стапеліі” (2012), паліндромнай паэмы “Рогі гор” (1997), шэрагу літаратуразнаўчых артыкулаў. Удзельнік руху “Бум-Бам-Літ”. Творы Жыбуля перакладаліся на англійскую, балгарскую, латышскую, нямецкую, польскую, рускую, украінскую і чэшскую мовы.

На сённяшні дзень на сайце Беларускага літаратурнага радыё размешчаныя творы ў аўдыёзапісах больш як пяцідзесяці паэтаў, празаікаў і перакладчыкаў.

Фота: Зарына Кандрацьева

budzma.org