Віктару Шведу — 90!
Шаноўны Віктар Мікітавіч! Прыміце нашыя шчырыя віншаванні з юбілеем і пажаданні моцнага здароўя, даўгалецця, дабрабыту, аптымізму і плёну ў творчай дзейнасці!
ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"
Віктар Швед нарадзіўся 23 сакавіка 1925 года ў вёсцы Мора паблізу Гайнаўкі (Беластоцкага ваяводства) у сялянскай сям’і. Скончыў Беларускі ліцэй у Бельску-Падляшскім, аддзяленні журналістыкі і беларускай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта. Доўгі час працаваў у варшаўскім выдавецтве „Ксёнжка і ведза”.
Сябра Саюза польскіх пісьменнікаў, літаратурна-мастацкага аб'яднання «Белавежа».
Піша на беларускай і польскай мовах. Беларускія вершы Віктар Швед пачаў пісаць яшчэ ў школе, у 1940 г., друкавацца пачаў у 1957 г. на старонках штотыднёвіка „Ніва”, затым — у літаратурных альманахах, „Беларускіх календарах”.
Выдаў зборнікі вершаў „Жыццёвыя сцежкі” (1967), „Дзяцінства прыстань” (1975), „Дружба” (1976), „Мая зялёная Зубровія” (1990), „Вясёлка” (1991) і інш. Адрасаваны яны пераважна юнаму чытачу. Выхаваны на традыцыях беларускай класічнай літаратуры, Віктар Швед працягвае іх на Беласточчыне: паэтызуе паўсядзённы побыт селяніна, повязь дзіцячых адчуванняў з гарманічным светам прыроды.
Віктар Швед робіць важкі ўнёсак у замацаванне еўрапейскіх літаратурных узаемасувязяў, перакладае беларускія, рускія і ўкраінскія вершы на польскую мову, а польскія — на беларускую.
Дрэва краіны
Расце няспынна
Дрэва краіны.
Адна галіна —
Bialorusini.
Дрэва краіны
Без перабою
Квітнець павінна
З кожнай вясною,
Каб зноў увосень
Усім у хаты
Магло прыносіць
Свой плён багаты.
Калі ж галіна
На ім завяне —
Дрэва краіны
У хворым стане.
Таму, краіна,
І ў дні нягоды
Усе галіны
Шануй заўсёды.
Віктар Швед
Прэсавая служба СБП