Віншуем Алеся Барскага і Алеся Наварыча!

Паважаныя Аляксандр Андрэевіч і Аляксандр Іванавіч! Прыміце нашыя шчырыя віншаванні з юбілеем і пажаданні моцнага здароўя, дабрабыту, плённай творчай працы і поспехаў ва ўсім!

ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"

Барскі Алесь (сапр. Баршчэўскі Аляксандр), нарадзіўся 02.11.1930 г. у вёсцы Бандары Беластоцкага ваяводства (Польшча) у сялянскай сям'і.

Скончыў аддзяленне расейскай філалогіі філалагічнага факультэта Лодзінскага ўніверсітэта (1955). З 1956 г. працуе на кафедры беларускай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта, з 1975 г. - загадчык гэтай кафедры. У 1959-1980 гг. - старшыня праўлення Беларускага літаратурнага аб'яднання «Белавежа». З 1984 г. - старшыня Галоўнага праўлення Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Польшчы. Доктар філалагічных навук. Сябра Саюза польскіх пісьменнікаў з 1962 г.

Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Узнагароджаны ордэнамі Залаты крыж Адраджэння Польшчы, Кавалерскі крыж Адраджэння Польшчы і медалямі.

Выступіў упершыню ў друку ў 1956 г. (газета «Ніва», Беласток). Аўтар зборнікаў вершаў «Белавежскія матывы» (Беласток, 1962), «Жнівень слоў» (Беласток, 1967), «Мой бераг» (Менск, 1975), «Блізкасць далёкага» (Беласток, 1983), «Лірычны пульс» (Менск, 1987).

Апублікаваў цыкл навукова-папулярных артыкулаў «Беларуская літаратура і беларускі фальклор» (газета «Ніва», 1965-1988). Аўтар універсітэцкіх падручнікаў «Гісторыя беларускай літаратуры - фальклор» (Варшава, 1976), «Гісторыя беларускай літаратуры - пісьменнасць Кіеўскай Русі і Вялікага Літоўскага Княства» (1981), падручніка для 7 класа «Дружба і праца» (з В.Шведам, Варшава, 1967), «Насустрач жыццю» (з В, Шведам, Варшава, 1974), навуковых кніг «Беларуская абраднасць і фальклор усходняй Беласточчыны» (Беласток, 1990), «Ігнат Дварчанін - палітык і вучоны» (з А.Бергман, Е.Тамашэўскім, Варшава, 1990).

Пераклаў на польскую мову зборнікі казак М. Федароўскага «Д'яблава скрыпка» (1973), казак Меншчыны, Гарадзеншчыны і Магілеўшчыны «Невычэрпны збан» (1976), расейскіх казак «Асілкі-чарадзеі» (Варшава, 1984), украінскіх казак «Зачараваныя колеры стэпу» (Варшава, 1986), зборнікі паэзіі В.Лукшы «Лета круглы год» (1983), «Дрэва дружбы» (1990), В.Віткі «Тосі-тосі ладкі» (1985), А.Пысіна «У сонейку» (1985). Пераклаў паэму Янкі Купалы «Яна і я», шматлікія яго вершы ўвайшлі ў складзеныя ім «Выбраныя творы» Я.Купалы (Варшава, 1984). Складальнік і адзін з перакладчыкаў зборніка «Янка Купала і Якуб Колас: Да 100-годдзя з дня нараджэння» (Варшава, 1982).

Наварыч Алесь (сапр. Трушко Аляксандр), нарадзіўся 02.11.1960 г. у вёсцы Відзібор Столінскага раёна Берасцейскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Пасля заканчэння Відзіборскай сярэдняй школы працаваў цесляром у Столінскай вытворча-механізаванай калоне, затым лабарантам у роднай школе.

У 1978-1980 гг. вучыўся на стаматалагічным факультэце Менскага медыцынскага інстытута. У 1985 г. скончыў аддзяленне расейскай мовы і літаратуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. 

Першыя апавяданні апублікаваў у 1983 г. (часопіс «Маладосць»). Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Аўтар зборнікаў апавяданняў «Рабкова ноч» (1988) і «Ноч пацалункаў незалежнасці» (1989), гістарычнага рамана «Літоўскі воўк» (2005).

Лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (2003) за раман «Літоўскі воўк».

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"