Віншуем Алеся Разанава з Днём нараджэння!

Шаноўны Алесь Сцяпанавіч! Прыміце нашыя віншаванні з 66-годдзем і пажаданні моцнага здароўя, дабрабыту, аптымізму, далейшай плённай творчай дзейнасці!

ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"

Алесь Разанаў каля хаты, дзе ён гадаваўся, у вёсцы Сялец Бярозаўскага раёна. Фота Алены Казловай

* * *

Вобразы вабяць усьлед за сабой, 
але памкнуся за iмi — i iх растворыць 
прастора: магчыма, яны проста птушкi, 
якiя адводзяць таго, хто iдзе, ад сваiх 
затоеных гнёздаў.

Заблытаныя сьцежкi, якiя вядуць i на ўсход, 
i на захад, але на кожным кроку, усюды, 
ад iх падымаецца стромкая вышыня, i, 
падымаючыся над сабою, становiцца 
розумам цела, i, падымаючыся над сабою, 
розум становiцца ўсёразуменьнем, якое, 
нiбы ваданосныя жылы, сабой насычае i 
жывiць кожнае слова i кожны крок.

Чалавек — гэта два чалавекi, як дзьве 
далонi, што лепяць суладна сьнежку цi
перакiдваюць, каб утрымаць, жарыну: 
адзiн з iх — пачатак, другi — завяршэньне, 
адзiн з iх — выток, i другi — суток, 
адзiн з iх — прычына, другi з iх — вынiк, 
адзiн з iх — пытаньне, другi — адказ, 
а памiж iмi цякуць, вынiкаючы з iх 
i ўпадаючы ў iх сусьветы.

Усё, што кранае мяне, падобнае на мяне.
Ня скончаны дзень тварэньня: зноўку i зноў 
вылеплiвае чалавек сваю лепшую 
долю.
Дзелiць мяне прастора, зьядноўвае час.
Калi чалавек сустрэнецца з чалавекам?
У безданi памяцi мглiцца бяссонны лiхтар.

Пачакай, памарудзь, адпусьцi жаданьне — 
i ты перастанеш быць часткай, нацэленай супраць усiх, 
i вернуцца да цябе тыя птушкi, якiя ня ловяцца, 
калi iх ловiш, якiя хаваюцца, калi iх шукаеш, 
i ты пачуеш: у кожнай птушкi — 
твой голас, i ўбачыш: у кожнай птушкi — 
твой твар.

Алесь Разанаў 

Выступленне Алеся Разанава. Відэа Алены Казловай

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"