Віншуем Алу Канапельку з юбілеем!

Паважаная Ала Іванаўна! Прыміце нашыя шчырыя віншаванні і пажаданні ўсяго найлепшага: моцнага здароўя, дабрабыту, поспехаў у справах, плённай творчай дзейнасці, радасных падзей Вам і Вашым блізкім!

ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"

Ала Іванаўна нарадзілася 14 лютага 1960 года ў вёсцы Небытаў Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і. У 1978 г. скончыла Лоеўскую педагагічную вучэльню і паступіла на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля яго заканчэння (1983) працавала метадыстам, з 1988 г. - загадчыкам сектара метадычнай працы Дома літаратара СП БССР.

З 1990 г. - загадчык арганізацыйна-прапагандысцкага аддзела Беларускага фонду культуры. Сябра СП СССР з 1985 г.

Першыя вершы апублікавала ў 1974 г. (хойніцкая раённая газета «Ленінскі сцяг»), у рэспубліканскім друку выступіла ў 1977 г. (часопіс «Маладосць»). У 1985 г. выйшаў зборнік вершаў «Цвет алешыны».

Перакладала творы ўкраінскіх, курдскіх, малдаўскіх, балгарскіх паэтаў.

***

Яшчэ апошні будзе снег,
Цяжкі, як позняе світанне.
I юнай трызніцца вясне,
Як непазбежнае —
расстанне.

Сплывае ноч у туманы.
Над лёсам круг адвечны сонца.
Душа, наноў павер, змані,
Што на зямлі —
дарог бясконцасць.

Які трывожны дальні збег
Маіх нябёсаў і надзеі.
У драме
ў самай першай дзеі
Апошні
ціхі-ціхі снег.

Ала Канапелька

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"