Віншуем Анатоля Сідарэвіча з юбілеем!

1 сакавіка адзначыў сваё 65-годдзе гісторык, публіцыст, літаратурны крытык, сябра СБП Анатоль Сідарэвіч. Віншуем шаноўнага Анатоля Міхайлавіча і зычым моцнага здароўя, бадзёрасці і аптымізму, дабрабыту, а таксама няспынных творчых пошукаў і даследчыцкіх набыткаў!

ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"

Як адзначае ў сваім віншавальным слове "Наша Ніва", "Заслуга Сідарэвіча для незалежнай грамадскай думкі Беларусі палягае на тым, што ён шмат у чым ініцыяваў дыскусію паміж «культурнікамі» і «палітыкамі». У 1980-я Сідарэвіч стаў заўважным публіцыстам і літаратурным крытыкам".

Спадар Анатоль нарадзіўся 1 сакавіка 1948 года на Піншчыне (хутар Доўгі Лес). У 1977-м скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Са снежня 1966-га працаваў у раённай газеце «Савецкае Палессе» (Ганцавічы). Пазней у газеце «Літаратура і мастацтва», часопісе «Крыніца». Даследуе гісторыю беларускага руху XX стагоддзя. Адзін з ініцыятараў адраджэння сацыял-дэмакратычнага руху ў Беларусі ў найноўшы час. Аўтар кнігі «Пра Івана Луцкевіча: успаміны, сведчанні» і шматлікіх навуковых працаў і артыкулаў. Жыве ў Мінску.

Прэсавая служба СБП