Віншуем Анатоля Вярцінскага з юбілеем!


Сёння, 18 лістапада, спаўняецца 80 гадоў цудоўнаму беларускаму паэту, сябру Саюза беларускіх пісьменнікаў Анатолю Ільічу Вярцінскаму. Віншуем, спадар Анатоль! Зычым Вам здароўя, плёну ў творчасці і цяпла блізкіх!

Анатоль Вярцінскі нарадзіўся 18.11.1931 г. у вёсцы Дзямешкава Лепельскага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1956 г. скончыў аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага
ўніверсітэта. Працаваў у рэдакцыях раённых газет (Давыд-Гарадок, Камянец, Клімавічы, Рагачоў). У 1962 г. пераехаў у Менск, супрацоўнічаў у рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва», быў рэдактарам выдавецтва «Беларусь». У 1967-1982 гг. - літкансультант, сакратар праўлення СП Беларусі. У 1986-1990 гг. - галоўны рэдактар газеты «Літаратура і мастацтва». Адначасова рэдагаваў штогоднік перакладной літаратуры "Далягляды". Шмат гадоў працаваў на розных пасадах у штаце Саюза Пісьменнікаў Беларусі. З 1990 г. быў абраны народным дэпутатам Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 12-га склікання, узначальваў Камісію ВС па пытаннях сродкаў масавай інфармацыі і правоў чалавека. Уваходзіў у склад Камісій по распрацоўцы тэкстаў Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі (1990) і новай Канстытуцыі РБ (1994).  У 1977 г. прымаў удзел у рабоце XXXII сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Сябра Беларускага ПЭН-цэнтра з 1989 г. Сябра СП СССР з 1964 г.

Дэбютаваў з вершамі ў 50-я гг. (студэнцкая газета «Беларускі ўніверсітэт», газета «Чырвоная змена», часопіс «Маладосць»).

Паасобныя вершы пакладзены на музыку. Па паэме «Колькі лет, колькі зім!» пастаўлены тэлеспектакль (1980). Вершы і п'есы Анатоля Вярцінскага перакладаліся на многія мовы свету. У 2005 годзе выйшаў у перакладзе на ўкраінскую мову зборнік яго выбраных твораў.

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1988) за кнігу «Нью-Йоркская сірэна».

Прэсавая служба СБП