Віншуем Фелікса Баторына з юбілеем!

Сёння, 5 лютага, паэту, перакладчыку, сябру Саюза беларускіх пісьменнікаў Феліксу Баторыну (Хаймовічу) спаўняецца 65 гадоў. Паважаны Фелікс Барысавіч! Віншуем Вас з юбілеем і жадаем моцнага здароўя, дабрабыту, штодзённых добрых навінаў, натхнення ў творчасці і ў справах!
ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"
Фелікс Баторын (Хаймовіч) нарадзіўся ў 1948 г. у Мінску. Скончыў Беларускі медінстытут. Да выхаду на пенсію ў 2010-м працаваў хірургам-анколагам 2-га клінічнай бальніцы ў Мінску.
Бацька паэта, Барыс Хаймовіч, быў сярод арганізатараў Супраціву ў Мінскім гета і партызанскага руху падчас нямецкай акупацыі Беларусі. Фелікс Барысавіч распавёў пра гэта ў дакументальнай аповесці “Чорны год” (2010), прысвечанай успамінам бацькі пра Супраціў у Мінскім гета.
Дэбютаваў з беларускамоўнай паэзіяй у 1967-м. Вершы друкавалiся ў савецкіх ідышамоўных выданнях “Саветыш Геймланд” і “Бірабіджанэр Штэрн”, у перыёдыках Ізраіля, ЗША і інш.
Аўтар вершаваных зборнікаў "Раніца", "Зялёны тралейбус", "Я дрэва пасадзіў", "Паглядам акідваю шлях", "На вуліцы Максіма Багдановіча".
Перакладае на беларускую мову з ідыш, нямецкай, польскай і рускай.
Цікавую гутарку з Феліксам Баторыным чытайце тут.
На фота: Фелікс Баторын, tut.by