Віншуем Генрыха Далідовіча з юбілеем!

Сёння спаўняецца 65 гадоў сябру СБП, пісьменніку Генрыху Вацлавічу Далідовічу. Саюз беларускіх пісьменнікаў шчыра віншуе юбіляра і зычыць яму добрага здароўя і плёну ў творчасці!

Далідовіч Генрых, нарадзіўся 01.06.1946 г. у вёсцы Янкавічы Стаўбцоўскага раёна Менскай вобласці ў сям'і каваля.

У 1968 г. скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Шабыньскай няпоўнай сярэдняй школе Барысаўскага раёна. Служыў у Савецкай Арміі (1969-1970). Зноў працаваў настаўнікам, а з 1971 г. - завучам у Шабыньскай школе. З 1973 г. - супрацоўнік аддзела прозы часопіса «Полымя», з 1979 г. - намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Маладосць». Сябра СП СССР з 1974 г.

Першае апавяданне надрукаваў у 1966 г. у стаўбцоўскай раённай газеце «Прамень». Выступае ў друку з публіцыстычнымі і крытычнымі артыкуламі, эсэ.

Лаўрэат Літаратурнай прэміі СП БССР імя І.Мележа (1988) за раман «Гаспадар-камень».

Бібліяграфія

«Дажджы над вёскай». Зборнік аповесцей і апавяданняў. 1974 г.

«Цяпло на першацвет». Зборнік аповесцей і апавяданняў. 1976 г.

«Маладыя гады». Зборнік аповесцей і апавяданняў. 1979 г.

«Міланькі». Зборнік аповесцей і апавяданняў. 1980 г.

«На новы парог». Зборнік аповесцей і апавяданняў. 1983 г.

«Станаўленне». Зборнік аповесцей і апавяданняў. 1985 г.

«Гаспадар-камень». Раман. 1986 г.

«Міг маладосці». Зборнік аповесцей і апавяданняў, выбранае. 1987 г.

«Пабуджаныя». Раман. 1988 г.

«Свой дом». Раман. Часопіс «Маладосць», 1989 г.

Прэсавая служба СБП