Віншуем Хрысціну Лялько з юбілеем!

Хрысціна Лялько

Шаноўная Хрысціна Аляксееўна! Прыміце нашыя шчырыя віншаванні з юбілеем і пажаданні ўсяго найлепшага: моцнага здароўя, дабрабыту, плённай творчай і грамадскай дзейнасці, поспехаў ва ўсім!

ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"

 

Спадарыня Хрысціна нарадзілася 30 сакавіка 1956 года ў в. Хадзюкі Лідскага раёна.

Закончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працавала ў Літаратурным музеі Янкі Купалы, штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», часопісе «Беларусь».

У 1995 годзе стала адным з ініцыятараў і сузаснавальнікаў двух каталіцкіх часопісаў – квартальніка "Наша Вера" і месячніка "Ave Marіa", ад таго часу з’яўляецца галоўным рэдактарам гэтых выданняў.

Першыя вершы апублікавала ў 1971 у лідскай газеце «Уперад». Аўтар кніг прозы «Дарога пад гару», «Світанак над бярозамі» і кнігі паэзіі «На далонях любові». У яе апрацоўцы выйшаў зборнік народных казак «Хітрэй свету не будзеш». Пераклала на беларускую мову нарыс Уладыслава Сыракомлі «Мінск», кнігі Папы Яна Паўла II «Пераступіць парог надзеі», «Дар і Таямніца», «Устаньце, хадзем!», «Памяць і самасвядомасць», энцыклікі «Fides et ratio», «Ecclesia de Eucharistia», Апостальскі ліст пра Ружанец «Rosarium Virginis Mariae», творы Яна Твардоўскага і іншыя тэалагічныя творы.

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"