Віншуем Лідзію Мініч з юбілеем!
Шаноўная Лідзія Андрэеўна! Прыміце нашыя шчырыя віншаванні з юбілеем і пажаданні моцнага здароўя, дабрабыту, поспехаў Вам і Вашым блізкім, радасці і натхнення!
ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"
Лідзія Мініч нарадзілася 22 студзеня 1940 года ў в. Рэкта Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл.
Сярэднюю адукацыю атрымала ў Клімавічах, затым навучалася на заатэхнічным факультэце БСГА, скончыла аспірантуру, выкладала. Кандыдат сельскагаспадарчых навук (1989), дацэнт. Першыя вершы з’явіліся ў 1999 годзе ў раённай газеце “Ленінскі шлях”.
У 2005 з’явіўся першы зборнік “Спешу сказать…”. Усяго выйшла 6 паэтычных зборнікаў: “Жыватворная крыніца” (2007), “Мая сям’я ад А да Я: вершы для дзяцей” (2010), “Споведзь” (2010), “На хвалях вечнасці: міфы і легенды ў вершах” (2012), “І боль, і мары, і любоў” (2013).
Асенняя мелодыя
Пяе апошнюю хвілінку
Лісток асенні залаты.
Яму на струнах-павуцінках
Павук іграе малады.
Льнуць павуціначкі да скроні.
На рукі ліпнуць. А ўгары
Дзесь лета бабіна гамоніць:
Мілей няма такой пары.
Якое дзіўнае адзенне –
Апошні восеньскі дэкор.
І дорыць радасці імгненні
Барвова-залацісты ўбор.
Каронаў залатых шаптанне…
У ціхі сонечны дзянёк
На хвалях рэчкі ў срэбным ззянні –
Караблік – клёніка лісток.
Лідзія Мініч
Прэсавая служба СБП