Віншуем Лідзію Савік з юбілеем!

Сёння спаўняецца 75 гадоў беларускай пісьменніцы, літаратуразнаўцу і крытыку, сяброўцы Саюза беларускіх пісьменнікаў, Лідзіі Сямёнаўне Савік. З гэтай нагоды СБП выказвае свае самыя шчырыя віншаванні юбілярцы!

Лідзія Сямёнаўна Савік нарадзілася 1 сакавіка 1936 года на Любаншчыне. Літаратурнай дзейнасцю займаецца з 1970-х г. Дэбютавала ў друку артыкулам «Сучасная беларуская проза» (1974). Кірунак навуковай дзейнасці — праблемы развіцця беларускай літаратуры 20 ст. Атрымала дазвол на працу ў архівах КДБ, сабрала дакладныя звесткі пра лёс рэпрэсаваных беларускіх паэтаў і празаікаў. Даследуе эмігранцкую беларускую літаратуру, збірала матэрыялы пра жыццё і дзейнасць вядомых беларусаў у Францыі, Германіі і ЗША.

Выдала творы рэпрэсаваных пісьменнікаў Я. Нёманскага “Творы” (1984), С. Баранавых “Новая дарога” (1989), Б. Мікуліча “Аповесць для сябе” (1993) і інш. Даследуе таксама эмігранцкую беларускую літаратуру. Апублікавала нарысы жыцця і творчасці Н. Арсенневай, М. Сяднёва, У. Дудзіцкага, Хв. Ільяшэвіча, У. Случанскага. Аўтар шматлікіх артыкулаў і рэцэнзій пра творчасць В. Быкава, Я. Брыля, І. Шамякіна, С. Грахоўскага, А. Марціновіча, А. Кудраўца, Я. Сіпакова, В. Карамазава, А. Жука, В. Іпатавай, М. Гіля, І. Мележа, У. Караткевіча, А. Асіпенкі, Б. Сачанкі, Я. Скрыгана, Л. Геніюш.

Аўтар манаграфій «Адчуванне часу», «Пад мірным небам Бацькаўшчыны», «Каб не астыла цяпло зямлі», сааўтар кніг «Беларускія пісьменнікі і літаратурны працэс 20-30-х гадоў» (1985), «Сыны і пасынкі Беларусі» (1996), «Гістарычны шлях беларускай нацыі і дзяржавы» (2001), «Культура беларускага замежжа» і інш. Выдала кнігу «„Космас беларуса“: жыццяпіс Б. У. Кіта, асветніка, вучонага, патрыёта» пра Б. Кіта — акадэміка Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі. Аўтар шэрагу даследаванняў пра творчасць беларускіх пісьменнікаў-эмігрантаў, напр. «Пакліканыя: літаратура беларускага замежжа» (2001). Аўтар звыш 100 артыкулаў і рэцэнзій, 230 энцыклапедычных артыкулаў. Друкуецца на старонках рэспубліканскіх перыядычных выданняў.

Прэс-служба СБП