Віншуем Людмілу Рублеўскую з юбілеем!

Людміла Іванаўна Рублеўская (Шніп). Фота Алены Казловай

Шаноўная Людміла Іванаўна! Прыміце нашыя шчырыя віншаванні са святам і пажаданні ўсяго найлепшага: моцнага здароўя, дабрабыту, плённай творчай дзейнасці, поспехаў ва ўсіх справах, выдатнага настрою і аптымістычных падзей кожны дзень Вам і Вашым блізкім!

ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"

Людміла Рублеўская нарадзілася ў Мінску ў 1965 годзе. У 1986 годзе паступіла ў Літаратурны інстытут iмя Горкага ў Маскве на аддзяленне паэзіі, адкуль вярнулася праз год і перавялася на беларускае аддзяленне філфака БДУ. Працавала ў газеце “Наша слова”, часопісе “Першацвет”, тыднёвіку “Літаратура і мастацтва”. 

Кіруе суполкай маладых творцаў “Літаратурнае прадмесце”. Лаўрэат прэміі часопіса “Дзеяслоў” “Залаты апостраф” за паралельны раман “Золата забытых магілаў”, дзеянне ў якім адбываецца ў часы паўстання Кастуся Каліноўскага і ў нашым часе. 

Выдала амаль два дзясяткі кніг у розных жанрах — паэзія, проза, драматычныя творы, эсэ, крытыка, творы для дзяцей, сярод якіх кніга казак “Прыгоды мышкі Пік-Пік” — спроба стварэння сучаснай беларускай гарадской міфалогіі (выдадзеная ў Беларусі і Польшчы). Аўтар кніг прозы “Старасвецкія міфы горада Б*”(2002), “Сэрца мармуровага анёла” (2003), “Пярсцёнак апошняга імператара” (2006), кнігі казак для дзяцей “Карона на дне віра” (2008), зборніка гістарычных эсэ “Беседы о философах” (2006), кнігі краязнаўчых артыкулаў “Я — мінчанін” (2006, у перакладзе на рус. мову — 2007), зборніка архіўных даследаванняў па гісторыі беларускай літаратуры “Время и бремя архивов и имен” (2009) у суаўтарстве з гісторыкам В. Скалабанам. Аўтар шматлікіх паэтычных зборнікаў: “Крокі па старых лесвіцах”(1991), “Замак месячнага сяйва”(1992), “Над замкавай вежай”(2003), “Балаган”(2000), “Рыцарскія хронікі”(2002), “Шыпшына для пані” (2008), “Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега” (2012), “Ночы на Плябанскіх млынах” (2013), “Авантуры студыёзуса Вырвіча” і “Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча” (2014) і др., а таксама аўтар драматычных паэм і п’ес, некаторыя з якіх былі пастаўленыя на тэатральных сцэнах. Па драматычнай паэме “Апошняя з Алелькавічаў” зняты аднайменны відэафільм (БТ, 1999). 

Выступае ў друку як крытык і літаратуразнаўца. Аўтар даследавання “Беларускі міф і яго трансфармацыя ў маладой паэзіі 10-20-х i 80-90-х гг. ХХ ст.”. Сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"