Віншуем Паліну Качаткову!

Паліну Качаткову віншуем з 45-годдзем! Зычым новых кніг і ўдзячных чытачоў! 

Паліна Качаткова (Сцепаненка) – празаік, даследчык творчасці Максіма Багдановіча, нарадзілася 26 лютага 1968 года ў горадзе Орша; скончыла філфак БДУ, з 1990 па 1998 год працавала  ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча ў Мінску. У жніўні 1998 года звольнілася з музея і перайшла на сталую працу ў праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Суаўтар дакументальнай кнігі “Трагедия на Немиге” (2000), аўтар калектыўных зборнікаў “Перад маімі вачыма” (1990), “Жанчыны выходзяць з-пад кантролю” (2007) і “Пакахай мяне, калі ласка” (2009).

Аўтар сцэнарыяў дакументальных фільмаў “Гастарбайтэр” (2008), “Сыс пра Сыса” (2010), “Пустазелле” (2011), “Прычына смерці — прочырк” (2011) і “Растрэльны пісталет” (2012) — пра праблему смяротнага пакарання ў Беларусі. Аўтар аповесці “Паэт. Аповесць пра Максіма Багдановіча” пра юнацкія гады М. Багдановіча. Аўтар зборніка навелаў “Начныя размовы” (існуе ў электронным выглядзе ў беларускай інтэрнэт-бібліятэцы на сайце kamunikat.org), а таксама "Матылі" (2012).

Прэсавая служба СБП