Віншуем Уладзіміра Марудава з юбілеем!
Шаноўны Уладзімір Нічыпаравіч! Прыміце нашыя шчырыя віншаванні і пажаданні моцнага здароўя і дабрабыту, поспехаў у жыцці і творчасці, аптымізму і радасных падзей!
ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"
Уладзімір Марудаў нарадзіўся 4 лютага 1950 года ў г.п. Зэльва Гродзенскай вобласці. Закончыў Ленінградскае пажарна-тэхнічнае вучылішча Міністэрства ўнутраных спраў. Служыў ва ўпраўленні пажарнай аховы Гродзенскага аблвыканкама. Завочна закончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1994). Працаваў журналістам. Вершы друкаваліся ў часопісах “Маладосць”, “Полымя”, альманахах “Дзень паэзіі”, “Дзвіна”, у перакладзе на рускую мову ў часопісе “Нёман”, альманаху “Истоки” (1984, Москва, “Молодая гвардия”). Выдаў кнігі вершаў “Памяць” у калектыўным зборніку “Нашчадкі” (1979), “Пад небам родным” (1993). Аўтар тэкстаў некалькіх папулярных песень.
***
Ля аціхлай ракі,
Там,
дзе пасвяцца коні, --
Цёплы дотык рукі
На вякі
запалоніць.
Там цяпло дабрыні
З першым промнем прыходзіць,
Там не верыш ані,
Што, бывае, нягодзіць.
Там згарае зара
У вачах жураўліных,
Там жывуць успаміны --
Залатая пара.
Там сплываюць гады,
Як святло на далонях.
Там,
на сонечных гонях
Спее радасць заўжды.
Уладзімір Марудаў
Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"