Віншуем Уладзіміра Папковіча і Аляксея Рагулю з юбілеем!

Шаноўныя Уладзімір Антонавіч і Аляксей Уладзіміравіч! Сардэчна віншуем вас з вашай найпрыгажэйшай датай і зычым моцнага здароўя, даўгалецця, дабрабыту, плённай творчай дзейнасці, а таксама душэўнай узнёсласці і аптымізму вам і вашым блізкім!

ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"

 

Уладзімір Папковіч нарадзіўся ў 1935 годзе ў вёсцы Дварэц Вілейскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і. Скончыў Менскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моў (1958), выкладаў у гэтым інстытуцё нямецкую мову (1958-1962). Працаваў інжынерам-перакладчыкам патэнтнага бюро Інстытута навукова-тэхнічнай інфармацыі і прапаганды пры Савеце Міністраў БССР (1962-1963), старшым выкладчыкам кафедры замежных моў Менскай вышэйшай інжынерна-радыётэхнічнай навучальні (1963-1964), інжынерам-перакладчыкам аддзела тэхнічнай інфармацыі Менскага оптыка-механічнага завода. У 1966-1970 гг. настаўнічаў у школе № 20 у Віцебску, у Віцебскім педінстытуце. Зноў працаваў інжынерам-перакладчыкам. З 1973 г. выкладчык нямецкай і ангельскай моў Віцебскага індустрыяльнага тэхнікума, з 1982 г. - старшы выкладчык Віцебскага педінстытута. Сябра СП СССР з 1981 г. У друку выступае з 1962 г. з вершамі, перакладамі і апавяданнямі.

Аляксей Рагуля нарадзіўся ў 1935 годзе ў вёсцы Сенна Наваградскага раёна Гродзенскай вобласці. Скончыў БДУ (1957). Беларускі літаратуразнавец, культуролаг. Кандыдат філалагічных навук (1975), прафесар (1994). Настаўнічаў, з 1970 у Беларускім педагагічным універсітэце. Працаваў на кафедры беларускай літаратуры, з 1992 -- загадчык кафедры гісторыі і тэорыі культуры. Даследуе гісторыю развіцця нацыянальнай культуры і літаратуры, праблемы метадалогіі і філасофіі культуры, творчасць беларускіх пісьменнікаў (В.Быкава, І.Мележа, К.Чорнага, Г.Далідовіча і інш.). Лічыць, што стварэнню гарманічных адносін паміж чалавечым і прыродным універсумамі спрыяюць такія асаблівасці беларускай культуры, як паэтызацыя адзінства чалавека з прыродным космасам, культ зямлі і плоднасці, усведамленне непаўторнай каштоўнасці чалавечага існавання, захаванне і эфектыўнае выкарыстанне духоўных скарбаў нацыі, спецыфікі яе менталітэту, сацыяльных форм быцця, мастацкай культуры, традыцыйнай маралі і этыкі. Аўтар манаграфіі «Імгненні...» (1990), зборніка літаратурна-крытычных артыкулаў «Пафас станаўлення» (1991), падручнікаў і навучальных дапаможнікаў па літаратуры, культуралогіі, методыцы выкладання.

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"