Віншуем Усевалада Гарачку з юбілеем!
Паважаны Усевалад Міхайлавіч! Віншуем Вас са святам і зычым моцнага здароўя, дабрабыту, плённай творчай дзейнасці, поспехаў у справах, радасці і гармоніі Вам і Вашым блізкім!
ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"
Маналог Атланта
Я Атлант,
І таму —
Я трымаю.
І не важна што:
Дах,
Нейкую справу,
Малітву...
Паверце,
Нялёгка трымаць.
І няпраўда,
Што я — каменны.
Гэта скажа вам
Кожны з Атлантаў.
І паверце,
Кожнай вясною,
Пераклаўшы цяжар на іншых,
Мне хочацца сесці
На лаўку
Ля дому,
У чаканні,
Што ля муру
Распусціцца ружавы куст.
Але ведаю:
Распусцяцца ружы
І стане так добра...
І абрынецца...
Не, не дах —
Мой сусвет,
Маё неба.
Таму — я трымаю.
І покуль трымаю —
Я жывы,
Я каменны,
Я вечны...
Ноч
Таемнае святло,
Нібы душа
Яго ўвесь дзень збірала,
А цяпер —
Раздорвае.
Нібы яна,
Душа, —
Агонь,
А я —
Людское кола.
Тварам да святла,
Спінай — да цемры.
Вечна,
Нерухома
Сядзець бы так
У гэтай паўнаце,
Дзе твар да твару,
Перад святлом,
Што льецца цераз край.
* * *
Збудаваў я помнік
Ледзяным героям,
Што загінулі ад ільду.
Прыйшла вясна
І ўсё растапіла.
Але памяць мая аб іх —
Не растане.
Усевалад Гарачка
Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"