Віншуем Юрку Голуба і Васіля Андрыеўскага з юбілеем!

Юрка (Юры Уладзіміравіч) Голуб нарадзіўся 20.10.1947 г. у вёсцы Горна (Зэльвенскі раён Гродзенскай вобласці) ў сялянскай сям'і. Пасля заканчэння філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1970) працаваў рэдактарам на Гродзенскай студыі тэлебачання. З 1978 — загадчык аддзела культуры абласной газеты "Гродзенская праўда", з 1979 — загадчык аддзела мастацкага вяшчання Гродзенскага абласнога тэлебачання і радыё. Вядучы тэлепраграмы «Гродзеншчына літаратурная». Член СП з 1971. Друкавацца пачаў у раённым друку ў 1963, у рэспубліканскім — у 1965. Доўгі час узначальваў Гродзенскую абласную філію ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў".

Аўтар зборнікаў паэзіі "Гром на зялёнае голле" (1969), "Дрэва навальніцы" (1973), "Векапомнае поле" (1976), "Помню пра цябе" (1983), "Сын небасхілу" (1989), "Поруч з дажджом" (2001), "Зажураны камень. Трыялеты" (2002), "Брама зімы" (2004) і "Багра" (2006). Аўтар кнігі для дзяцей "У бары грыбы бяры" (1986).

Васіль Рыгоравіч Андрыеўскі нарадзіўся 20.10.1967 у вёсцы Града Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці. Скончыў аддзяленне беларускай мовы і літаратуры Мазырскага педінстытута. Цяпер працуе ахоўнікам у мазырскім аддзе Дэпартамента аховы МУС Беларусі. Выдаў кнігі "Пад літасцю нябёс", "Вербніца". Друкаваўся ў літаратурным альманаху Саюза беларускіх пісьменнікаў "Палац, часопісах "Полымя", "Маладосць", "Вясёлка", "Вожык", штотыднёвіку "Літаратура і мастацтва".

Сакратарыят ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" шчыра віншуе юбіляраў з днём нараджэння і зычыць творчых поспехаў, дабрабыту, здароўя і натхнення на новыя вершы!

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"