Віншуем красавіцкіх юбіляраў!

Леанід Маракоў адзначыў сваё 55-годдзе. Шаноўны Леанід Уладзіміравіч, прыміце шчырыя віншаванні са святам і пажаданні здароўя, дабрабыту, вясновага настрою, плёну ў творчай дзейнасці і поспехаў ва ўсіх справах!

Спадар Леанід – пісьменнік, журналіст, гісторык, энцыклапедыст, аўтар празаічных кніг і даследаванняў гісторыі рэпрэсій ў савецкія часы. 

Варта згадаць энцыклапедычны даведнік у 10 тамах «Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія i культурныя дзеячы Беларусі. 1794—1991», у якім прыводзяцца біяграфіі больш за 20000 расстраляных або загінулых у сталінскіх канцлагерах дзеячаў беларускай культуры.

Сярод іншых значных прац — «Ахвяры і Карнікі» — дакументальнае даследаванне лёсаў ахвяраў і іх катаў у часы масавых расстрэлаў 1930-х гг.; «Вынішчэнне» — кніга пра рэпрэсіі супраць беларускіх літаратараў; двухтомны энцыклапедычны даведнік «Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- і царкоўнаслужыцелі Беларусі. 1917—1967».

Нядаўна ў Бібліятэцы Саюза беларускіх пісьменнікаў (серыя "Кнігарня пісьменніка") пабачыла свет другое выданне празаічнай кнігі Леаніда Маракова "Непамяркоўныя". Падрабязней пра творчасць спадара Леаніда можна даведацца на ягоным сайце.

Пётр Макарэвіч, паэт і перакладчык, адзначыў 15 красавіка сваё 75-годдзе. Найшчыра віншуем Вас, Пятро Рыгоравіч!

Спадар Пятро нарадзіўся ў вёсцы Шынкі Крупскага раёна Мінскай вобл. Скончыў Шынкоўскую сямігодку і Бобрскую СШ. Служыў на Каўказе памежнікам. Закончыў бібліятэчны факультэт Мінскага педінстытута імя М. Горкага. Працаваў загадчыкам Лідскай раённай бібліятэкі, інструктарам РК КПБ. Пасля стацыянарнай Вышэйшай школы КДБ у Мінску служыў оперупаўнаважаным у г. Ліда. У знак нязгоды з карна-рэпрэсіўнай палітыкай савецкай дзяржавы падаў рапарт на імя кіраўніка КДБ СССР. Уладкаваўся на працу на лакафарбавы завод. 27 гадоў адпрацаваў у «Лідскай газеце» і гарадскім радыё карэспандэнтам. Цяпер — на пенсіі. Жыве ў Лідзе. Вершы і пераклады друкаваліся ў рэспубліканскіх газетах і часопісах, альманаху «Братэрства» і інш. Аўтар зборніка вершаў «Злітак». 

 

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"