Віншуем ліпеньскіх юбіляраў!

Анатоль Дэбіш нарадзіўся 22 ліпеня 1962 года ў вёсцы Шамятоўка Свіслацкага раёна Гродзенскай вобласці. Жыў у вёсцы Андрэевічы Гнезнаўскага сельскага Савета. У 1979 годзе скончыў Мсцібаўскую сярэднюю школу. Служыў у войску. Закончыў Мінскі інстытут культуры. Зараз жыве і працуе ў Брэсце. Друкаваўся ў часопісах “Маладосць”, “Беларусь”, “Дзеяслоў”, калектыўных зборніках “Дзень паэзіі”, “Дзядзінец”, “Берасцейскія карані”, тыднёвіку “Літаратура і мастацтва”, іншых выданнях. З 1993 года сябар ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”. Аўтар зборнікаў вершаў “Калядная вячэра” (1993), “Стодзівы” (1995), "Зірні ў люстэрка" (2013, бібліятэка СБП "Кнігарня пісьменніка").

Васіль Дэбіш нарадзіўся 22 ліпеня 1962 года ў вёсцы Шамятоўка Свіслацкага раёна Гродзенскай вобласці. Жыў у вёсцы Андрэевічы Гнезнаўскага сельскага Савета. У 1979 годзе скончыў Мсцібаўскую сярэднюю школу. Служыў у войску. Закончыў Мінскі інстытут культуры. Зараз жыве і працуе ў Брэсце. Аўтар зборнікаў вершаў “Белыя птахі”(1993), “Лісты да Марыі” (1996), “Праз дождж” (2012), "Чуйнар" (2015, бібліятэка СБП "Кнігарня пісьменніка").

Беларускі філосаф, пісьменнік, доктар філасофскіх навук (1977), прафесар (1979), член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Леанід Яўменаў нарадзіўся 22 ліпеня 1932 года ў Чэрыкаве Магілеўскай вобласці. Скончыў аддзяленне філасофіі гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1955), аспірантуру Акадэміі грамадскіх навук пры ЦК КПСС (1961). У 1954—1958 гг. — сакратар Мінскага гаркама камсамола. У 1961—1970 гг. — дацэнт Мінскага педагагічнага інстытута замежных моў. У 1970—1971 гг. — лектар ЦК КПБ. З 1971 — міжнародны чыноўнік у дэпартаменце сацыяльных, гуманітарных навук і культуры ЮНЕСКА, з 1975 года — загадчык кафедры этыкі, эстэтыкі і навуковага атэізму БДУ, з 1979 — загадчык сектара Інстытута філасофіі і права АН БССР. З 1982 года — загадчык аддзела навуковай інфармацыі АН БССР. Член Саюза пісьменнікаў з 1981 г. Выступае ў друку з мастацкімі творамі з 1949 года. Выдаў зборнікі паэзіі «Чужая планета» (1980) і «Блізкія далі» (1983). Перакладае французскую і франкамоўную паэзію.

Сакратарыят ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" шчыра віншуе сяброў арганізацыі з днём нараджэння і зычыць моцнага здароўя, дабрабыту, поспехаў у творчых і асабістых справах!

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"