Віншуем нашых новых сябраў!

Мікалай Аляхновіч нарадзіўся 14 студзеня 1953 года ў вёсцы Валішча Пінскага раёна Брэсцкай вобласці. Скончыў філалагічны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута (1974). Лінгвіст, кандыдат філалагічных навук (1983), дацэнт. За час працы на факультэце працаваў намеснікам дэкана, дэканам філалагічнага факультэта, у 1993—1995 гг. працаваў на кафедры ўсходнеславянскай і балтыйскай філалогіі факультэта гуманітарных навук Будапешцкага ўніверсітэта імя Лоранда Этвеша (Венгрыя). З ліпеня 2013 года — дацэнт на кафедры беларускага мовазнаўства і дыялекталогіі БрДУ імя Пушкіна.

Займаецца навукова-даследчыцкай і літаратурнай дзейнасцю. Аўтар вершаваных зборнікаў “Жыццёвае веры прадзіва” (2006), “Святло дарогі” (2010), кнігі перакладаў “Такая тонкая размовы ніць” (2013).

Мікола Мілаш (сапр. Мікалай Лазаравіч Шаравар) нарадзіўся 26 снежня 1936 года ў вёсцы Дамантовічы Капыльскага раёна Мінскай вобласці. Скончыў сярэднюю школу (1954), Мінскі лесатэхнічны тэхнікум (1958). Пасля службы ў арміі вучыўся ў Ленінградскай лесатэхнічнай акадэміі, скончыў вячэрні ўніверсітэт пры Петразаводскім лесатэхнічным тэхнікуме. У 1968 годзе вярнуўся на Беларусь, у Салігорск, дзе жыве і па сёння.

Аўтар шасці кніг: “На хвалі Адраджэння” (2009), “На скрыжалях часу” (2011), “На ветразях Хрыстовай веры” (2011), “У пошуках Арыяднінай ніці” (2013), зборніка паэзіі і некалькіх навуковых трактатаў.

Іван Сачук нарадзіўся 5 мая 1937 года ў вёсцы Буда Казіміраўская Мазырскага раёна Гомельскай вобласці. Скончыў Мазырскае педагагічнае вучылішча. Працаваў настаўнікам у Лельчыцкім раёне. У 1956 годзе стаў студэнтам юрыдычнага факультэта Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ламаносава. Працаваў выкладчыкам у ВНУ Украіны, вярнуўся на радзіму.

Выкладаў у Мазырскім універсітэце. Дацэнт кафедры гісторыі і паліталогіі, кандыдат гістарычных навук. Цяпер на пенсіі, жыве ў Мазыры. Аўтар кнігі “Цяплом душэўным падзялюся”, падрыхтавана да друку кніга “Крыніца бабы Марты”.

Сяргей Шапран нарадзіўся 11 лютага 1968 года ў Рызе (Латвія). Скончыў філалагічны факультэт (аддзяленне рускай мовы і літаратуры) Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1992). Яшчэ падчас вучобы пачаў займацца журналістыкай, любімы жанр — інтэрв’ю. Друкаваўся ў перыядычных выданнях: «Советская молодёжь», «Час», “Суббота” (Рыга); “Знамя юности”, “Имя”, “Белорусская деловая газета”, “Новы Час”, у часопісах “Дзеяслоў”, “Абажур” і іншых.

У апошнія гады займаецца даследаваннямі жыцця і творчасці Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна, а таксама Уладзіміра Някляева.

Атрымаў дыплом Саюза тэатральных дзеячаў (2000), прэмію “За ўнёсак у развіццё беларускай рок-музыкі” (2007). Лаўрэат прэміі імя Алеся Адамовіча за даследаванне “Васіль Быкаў. Гісторыя жыцця ў дакументах, публікацыях, успамінах” (2011).

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"