Віншуем новапрынятых сябраў СБП!

Александровіч Разалія Адамаўна нарадзілася 4 траўня 1956 года ў сям’і беларускіх татараў. Скончыла філалагічны факультэт БДУ, магістр філалогіі (1984). Працуе метадыстам у аддзеле метадычнага забеспячэння дашкольнай адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі. Закончыла аспірантуру НІА (2006). У сааўтарстве з Т. Нескаромнай выдала кнігу “Зямля з блакітнымі вачыма”. Займаецца даследаваннем гісторыі і культуры беларускіх татараў.

 

Аляхновіч Андрэй Пятровіч нарадзіўся 8 красавіка 1963 года ў мястэчку Халапенічы Крупскага раёна Мінскай вобласці ў сям’і службоўцаў. Атрымаў вышэйшую педагагічную адукацыю. Працаваў настаўнікам гісторыі і сацыяльным педагогам. Па выніках 2000 года быў прызнаны найлепшым педагогам рэспублікі ў намінацыі “Пазашкольнае выхаванне”. У 1998 годзе стварыў разам з сябрамі і ўзначаліў грамадскую краязнаўчую арганізацыю “Харугва скаўтаў Малога Палесся”, якая выдае тэматычны альманах.

 

 

Глазаў Уладзімір Ігаравіч нарадзіўся 22 красавіка 1974 года ў Берасці. Скончыў школу, вучыўся на філфаку Берасцейскага педагагічнага інстытута. Першыя вершы апублікаваў у 1991 годзе. З 2010 года супрацоўнічае з газетай “Брестский курьер”. Аўтар паэтычнага зборніка «Время собственное».

 

 

Малюк Анатоль Казіміравіч нарадзіўся 21 сакавіка 1938 года ў вёсцы Кудаюнцы Воранаўскага (былога Радунскага) раёна ў сялянскай сям’і. Пачаў навучанне ў Гродзенскім педінстытуце (гісторыка-філалагічны факультэт), пасля перавёўся ў Мазырскі педінстытут, філалагічны факультэт якога закончыў у 1963 годзе. Кандыдат філалагічных навук (1980), дацэнт (1987) Гомельскага дзяржуніверсітэта. Доўгі час з’яўляўся сябрам Рады па абароне кандыдацкіх дысертацый у гэтым універсітэце, 10 год узначальваў кафедру беларускай мовы. Сфера навуковых інтарэсаў — сучасная беларуская мова, лінгвістычны аналіз мастацкага тэксту, стылістыка. Узнагароджаны медалём “Ветэран працы”, знакам “Выдатнік народнай адукацыі БССР”, Ганаровай граматай Міністэрства асветы Беларускай ССР. Аўтар паэтычнай кнігі “Дабравесце”.

 

Міцкевіч Вера Данілаўна нарадзілася ў Мінску ў 1961 годзе. Родны дзед па лініі бацькі — народны паэт Беларусі Якуб Колас. Скончыла Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі (цяпер — БДЭУ). У 1982—1991 гг. працавала таваразнаўцам, экспертам Бюро экспертыз Гандлёва-прамысловай палаты БССР, старшым лабарантам на кафедрах таваразнаўства. У 1991—2001 гг. — вядучы навуковы супрацоўнік аддзела фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа. З 1993 года выступае ў друку з публікацыямі пра малавядомыя старонкі жыцця і творчасці Якуба Коласа. З траўня 2006 года працуе бібліятэкарам сектара навуковых работнікаў аддзела бібліятэчнага абслугоўвання Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

 

Раманчук (Шымко) Раіса Міхайлаўна нарадзілася 20 красавіка 1957 года ў вёсцы Літараўшчына Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці. Скончыла Варанчанскую сярэднюю школу, пасля прафесійна-тэхнічнае вучылішча (спецыяльнасць повар). У 1995 годзе — тэхнікум лёгкай прамысловасці (тэхнік-тэхнолаг). З 1979 года і далей 33 гады адпрацавала тэкстыльшчыцай (ад кантралёра якасці да брыгадзіра вытворчасці), ветэран працы. Свой першы верш надрукавала ў 1972 годзе ў Карэліцкай раённай газеце. Друкавалася ў рэгіянальнай і рэспубліканскай прэсе, калектыўных зборніках. Аўтар кнігі “Сцежка ў дзяцінства”.       

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"