Віншуем з Днём нараджэння!

Шаноўныя Таццяна Васільеўна і Юлія Пятроўна! Прыміце нашыя віншаванні і пажаданні ўсяго найлепшага: поспехаў ва ўсіх справах, дабрабыту, творчых і асабістых здзяйсненняў, любові і кахання! Заставайцеся заўсёды такімі ж прыгожымі і радуйце чытачоў сваімі вершамі!

ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"

***
актрыса ўва мне
не грае ролі але
ў чужым ажывае жыцці
і бачыць чужыя сны
вачыма маімі
амаль сляпымі
і сэрцам маім
амаль нежывым
дзе леташні снег плыве
насустрач вясне
шкадуе шкадуе шкадуе
ўсіх і снег растае

* * *

Шматлюднасць і беспрытульнасць.
У золаце і галечы
мой горад чакае свята.
Нядзеля. Зімовы вечар.

Чаканае свята прыйдзе
і ўсіх задаволіць нечым:
ласункам, абноўкай, цацкай
ці неспадзяванай стрэчай.

І згаснуць агні на вулках,
і елкі пазносяць з хатаў.
А гораду будзе сніцца,
як цудамі пахне свята.

Таццяна Барадуля

***

Цела паэта належыць яго радзіме.
Абяздоленая зямля прамаўляе ротам паэта,
Вочы паэта бачаць несправядлівасць пакутаў,
А вушы чуюць крыкі нявіннай ахвяры.
Валасы паэта становяцца дуба,
Ногі паэта прарастаюць дубамі,
А далоні паэта сціскаюцца ў кулакі.
І ў яго жылах закіпае кроў:
Як можна дапусціць столькі гора?!

Бясспрэчна, цела паэта належыць яго радзіме.
Хіба ўмее радзіма нешта сказаць без яго?!

Радзіма!
А ці трэба табе маё цела, цела паэткі?
У мяне такая ж гарачая кроў,
Рукі і ногі,
Вочы мае бачаць шмат і вушы чуюць,
І мой рот не меншы за рот паэта!

Маўчыш, адварочваешся?
Бо думаеш, ты такая, як я?
Ты не хочаш быць моцнай, радзіма,
Я ўгадала?
Ты хочаш, каб паэт сказаў за цябе,
Каб шкадаваў цябе,
Каб выціраў табе слёзы,
І ўсім расказваў,
Як ты пакутуеш
І якая ты малайчына?..
Праўда, радзіма?

Але ты мяне не слухаеш,
Ты зноў скардзішся свайму паэту.

Цела паэткі табе не патрэбна.
І я забіраю яго сабе.

Юля Цімафеева

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"