Віншуем з юбілеем!

 Саюз беларускіх пісьменнікаў сардэчна віншуе з 75-гадовым юбілеем сябра Саюзу, празаіка Аляксандра Сопата  і зычыць яму доўгіх гадоў жыцця і плёну ў творчай дзейнасці!

Сопат Аляксандар Сцяпанавіч, нарадзіўся 23.02.1936 г. у вёсцы Партызанская Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці ў рабочай сям'і.

Працоўную дзейнасць пачаў у Архангельску ў 1950 г. на рыбалоўным сейнеры. У 1952-1955 гг. працаваў качагарам, матросам на судах Мурманскага тралавага флоту. Служыў у Савецкай Арміі (1955-1958). Зноў быў матросам, боцманам, памочнікам капітана на судах Арктычнага параходства (Мурманск). У 1965 г. пераехаў у Гомель. Працаваў памочнікам экскаватаршчыка трэста «Гомельсельбуд», затым на Поўначы машыністам экскаватара, шафёрам у трэсце «Саюзтрубапровад» (Надым), вышкамантажнікам Беларускага ўпраўлення буравых работ на нафтапромыслах Саматлора, Пагранічнага (Ніжнявартаўск, Наябрск). Сябра СП СССР з 1984 г.

Літаратурнай працай займаецца з пачатку 60-х гадоў. Піша на расейскай мове. У беларускім друку выступае з 1965 г. (апавяданне ў газеце «Гомельская праўда). Аўтар кніг аповесцяў «Трасса» (1982), «Самотлор» (1987) і «Корабли» (1989).

Прэсавая служба СБП