Віншуем з юбілеем!

Сябра ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" Даніленку Міхася Пятровіча віншуем з 90-гадовым юбілеем! Шаноўны Міхась Пятровіч, зычым Вам здароўя, цеплыні і ўвагі блізкіх і плёну ва ўсім!

 

Міхась Пятровіч Даніленка нар. 28 кастрычніка 1922, в. Ястрабка Лоеўскага р-на.
Нарадзіўся ў сялянскай сям'і. Скончыў Рэчыцкае педагагічнае вучылішча (1941), мабілізаваны ў Чырвоную Армію. Ваяваў на Паўднёва-Заходнім фронце, у маі 1942, непадалёку ад станцыі Мікалаеўка (Украіна), быў кантужаны і трапіў у палон. У сакавіку 1944 уцёк з лагера ваеннапалонных, са жніўня 1945 зноў у дзеючым войску. Працаваў настаўнікам Казярожскай 7-гадовай школы Лоеўскага р-на. Скончыў завочна Гомельскі педагагічны інстытут (1952). У 1952-1982 - супрацоўнік газеты «Гомельская праўда». З 1983 жыве ў в. Багатая Града Лоеўскага р-на. Член СП СССР (з 1950).
Дэбютаваў апавяданнем у 1940. Аўтар зборнікаў аповесцей і апавяданняў «Мая песня» (1952), «Майская навальніца» (1959), «Наваселле» (апавяданні і нарысы, 1964), «Наш дом» (1971), «Запаветны акіян» (1972), «Маці Мар'я» (1976), «Журлівіца» (1980), «Родная зямля» (1982); кніг прозы для дзяцей «Вернасць слову» (1956), «Зачараваны гарлачык» (1961), «На вуліцы Сонечнай» (1963), «Ключы бабулі Зімы» (1986).
Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені і медалямі. Адзначаны дзвюма граматамі ВС БССР.

Прэсавая служба СБП