Віншуем жнівеньскіх юбіляраў!
Шаноўныя Алег Аляксеевіч і Анатоль Леанідавіч! Прыміце нашыя шчырыя віншаванні з юбілеем і пажаданні ўсяго найлепшага: моцнага здароўя і даўгалецця, поспехаў і дабрабыту, плённай творчай дзейнасці і шмат новых удзячных чытачоў!
ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"
Алег Наважылаў нарадзіўся ў Самаркандзе 7 жніўня 1935 года. Закончыў Ленінградскі электратэхнічны інстытут сувязі, пасля па размеркаванні прыехаў працаваць у Гродна. Першыя публікацыі апавяданняў былі ў “Гродзенскай праўдзе” ў час, калі там працаваў Васіль Быкаў, пры яго рэдагаванні і падтрымцы.
Некаторы час жыў у Манголіі, пасля ва Узбекістане, цяпер — у Беларусі, у Гродне.
Апавяданні публікаваліся ў часопісах “Маладосць”, “Полымя”, “Беларуская думка”, газеце “Літаратура і мастацтва” ды інш. Акрамя таго, творы друкаваліся ў Расіі, Літве, Манголіі, Узбекістане.
Аўтар кнігі апавяданняў “Агатовый ручей”, зборнікаў вершаў “Берег” і “Серебро луны”, асобнай кнігай была выдадзена п’еса “Железная свадьба”.
Анатоль Верабей нарадзіўся 10.08.1950 г. у вёсцы Вайнілавічы Мастоўскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сям'і настаўнікаў.
Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1972). Працаваў навуковым супрацоўнікам Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР (1972-1974). Пасля заканчэння аспірантуры пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР (1974) - навуковы супрацоўнік гэтага інстытута (1977-1990). З 1990 г. - дацэнт кафедры беларускай літаратуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Сябра СП СССР з 1988 г.
У друку выступае з 1976 г. як крытык і літаратуразнавец. Выдаў кнігі «Максім Танк і польская літаратура» (1984), «Жывая повязь часоў; Нарыс творчасці Уладзіміра Караткевіча» (1985), «Беларуска-рускі паэтычны ўзаемапераклад 20-30-х гадоў» (1990), брашуру «Паэзія Максіма Танка» (1983). Удзельнічаў у выданні творчай спадчыны П.Пестрака (Збор твораў у 5 тамах, т. 3, 1985), У.Хадыкі («На ўзвеях дзён», 1986), У.Караткевіча (Збор твораў у 8 тамах, 1987-1991).
Прэсавая служба СБП