Навіны

Пагодным чэрвеньскім днём – акурат таго дня ў космас запусцілі Валянціну Церашкову – жыхары гарпасёлка Азярышча ўбачылі на галоўнай пасялковай вуліцы дзіўнага выгляду незнаёмца. Нягледзячы на спёку, мужчына быў апранены ў цёмна-сіні бастонавы гарнітур, на нагах у яго былі летнія, сярэдняй зношанасці сандалеты, на галаве сіняя, з завязанымі на вузлы ражкамі, насоўка, а ў правай руцэ ён нёс пацёхканы партфель.

Мужчына злёгку накульгваў і, мяркуючы па ўсім, нікуды не спяшаўся. Ён разважліва прайшоўся ля руінаў азярышчанскай царквы, убіўся ў натоўп, што стаяў каля крамы – тым часам у пасёлак прывозілі свежы хлеб, – паслухаў што кажуць людзі пра касмічны палёт, і, спытаўшы – дзе тут жывуць самотныя пенсіянеркі, – пашкандыбаў, прыпадаючы на правую нагу, па названых людзьмі адрасах.

Першай на яго дарозе паўстала Пелагея Катавод – бабуля пахілая і звяглівая. Стоячы каля весніц, яна спачатку выглядала – ці прыехала гэта хлебавозка, а ўгледзеўшы незнаёмага мужчыну, прыклала далонь да лоба і напаўголасу, з прытоенай насцярогаю прамармытала: 

– А да каго ж гэта?...

– Фотаздымкі-і… павялічывае-эм... – праспяваў, параўняўшыся з бабцяй, мужчына, і Пелагея Катавод, не дачуўшы – хто там каго павялічвае, хуценька падалася да хаты.

Незнаёмец, аднак, рушыў следам, абагнаў улякнутую Пелагею, і калі тая збіралася ўжо закрычаць, галантна адчыніў дзверы і яшчэ больш галантна прашапялявіў: 

– Прашувс-с... Райпрамкамбінат... старыя здымкі павялічваем, – патлумачыў незнаёмец, калі яны ўвайшлі ў хату і дастаў з партфеля стос фотапартрэтаў. – Вось, зірніце ўзоры...

Гаспадыня з насцярогай ўзяла партрэты.

– Рэстаўруем здымкі самай дрэннай якасці. Людзі на іх потым – як жывыя...

Бабця зірнула на першы партрэт і як не абамлела.

– А ці не Міколка гэта? – Пелагея хітнулася, гучна шморгнула носам, – Во... і шапка такая ж...

Госць падтрымаў гаспадыню, дапамог сесці на кухонны ўслон.

Партрэт, які ўсхваляваў старую, быў не самым лепшым узорам. Выява вайскоўца ў будзёнаўцы была размытаю, адно гальштук на тле белай кашулі выглядаў кантрастна і непрыемна рэзаў вока. 

Бабуля падхапілася на ногі, пайшла ў святліцу, доўга поркалася ў шафе.

– А во… мой Міколка... і твар такі ж, і шапка тая ж...

«Муж, відаць», – падумаў госць, разглядаючы пажоўклы, з белым трохкутнікам у правым куце, фотаздымак. 

– У фінскую згінуў. Толькі адзін ліст і прыслаў з фронту. Напісаў: «На подлыя правакацыі белафінаў адкажам сталінскім ударам»...

– Вам як, з гальштукам? – запытаўся госць, хаваючы фотаздымак у блакнот. 

Гальштукі будзёнаўкам, што праўда, не пасавалі, але старыя бабці, пабачыўшы прапанаваны ўзор, кожнага разу прасілі падмаляваць белую кашулю і такі ж самы шыявяз. 

– А колькі ж гэта будзе каштаваць?

– За мастацкую падмалёўку дадаткова бярэм дзесяць капеек.

– Гэта ж тры капейкі дадаць, і батон можна купіць, – выдыхнула гаспадыня, і госць, ні слова не сказаўшы, дакорліва хітнуў галавой: маўляў, як можна людскую памяць вымяраць нейкімі там батонамі.

Запісаўшы ў нататнік бабульчына прозвішча, госць запытаўся – ці трэба каму з суседзяў павялічыць фотаздымкі, і Пелагея спехам забалабоніла.

– Гэта ж во... да Нюркі зайдзіце, да суседкі маёй. Яна ўсё за мужа бядуе. Забіла, а цяпер во плача ды фотакартку цалуе.

– Як забіла? – уразіўся госць.

– Ну як мужыкоў забіваюць... П’яніца ж быў, усё дачыста прапіваў. Прыдзе абасцаны, схопіць сякеру ды ганяе жонку па Азярышчы. Тая крычыць ратунку, па суседзях хаваецца. Летась на Пакровы ўваліўся ў хату ды на падлогу абрынуў. А Нюрка схапіла за чупрыну ды як закрычыць: «Ну, п’янюга, хрысціся, смертухна твая прышла! Адсяку табе зараз галаву!» Ды як ляснула мужыка валёнкам па патыліцы, а той ўзяў ды памёр... ад разрыву сэрца. Во як бывае!

– І што – нехта бачыў, як яна... – госць кашлянуў, – мужыка забівала?

– Бачыць – не бачылі, але ж людзі гавораць, – пасля таго старая схапіла госця за крысо бастонавага пінжака.

– Ай, во... а ці праўда, што бабу ў космас запусцілі?

– Праўда, – адгукнуўся госць, выходзячы з хаты. – Лётчык-касманаўт СССР Валянціна Церашкова. Сёння ад самага ранку перадаюць... Штурмуе разам з касманаўтам Быкоўскім касмічную прастору. 

– Ну, усё… – асуджана выдыхнула старая Пелагея, – цяпер чакай чорта напагасціны!

– Якога чорта? – госць сцягнуў з галавы насоўку, выцер упрэлы твар.

– Язевічыха яшчэ ўвесну казала: як толькі бабу ў космас выправяць, адразу чорт на зямлю спусціцца.

– І што ён тут будзе рабіць? – з усмешкай прамовіў госць, выціраючы узмакрэлую патыліцу.

– Як што... шкодзіць будзе, людзей з панталыку збіваць. Не ведаеце – чым чэрці займаюцца? – з дакорам прамовіла гаспадыня, і госць, чарговым разам хітнуўшы галавой, запісаў на ўсялякі выпадак адрас той самай Язевічыхі.

 

Праз два дні ў Пелагеі Катавод загавела душою рабая курыца. Ці то пакаштавала салетры, якую надоечы вазілі на самаскідах ды рассыпалі на дарозе, ці то пракаўтнула замест чарвяка іржавы цвічок... Карацей, сканала чубатка, і цётка з тае нагоды дужа засмуцілася.

– А маё ж ты куранятка... а ці ж не я цябе карміла-гадавала-а, – залямантавала старая, падхапіўшы на рукі дохлую курыцу. Тым часам на суседскім агародзе зашамацела капуснае лісце, і ў прамежку даўгога шыхту ўздзетых на тын гарлачоў узнік усхваляваны твар Нюры – цыбатай саракоўкі з азызлым ад ячменю вокам.

– Польця! Што здарылася?!

– Курыца во падохла, – старая сморкнулася ў прыпол хвартуха, зірнула на суседку, а ўбачыўшы, што вока Нюрчына канчаткова заплыло, ужо акрыялым голасам запыталася: – Ты ж мачой ці прыкладала?

– Чым толькі не прыкладала... і мачой, і... – Нюрка азірнулася – …га...ном. Ужо й белага свету не бачу.

– Сурочыў нехта, – рашуча прамовіла Польця, і суседка, яшчэ раз азірнуўшыся, выпаліла: – Дык вядома ж хто...

Старая выпусціла з рук чубатку.

– Гэта ж той… які прыязджаў. Карткі што павялічвае. Я адразу ўгледзела, што ў яго паганае вока. Так і зыркаў наўкола, так і зыркаў! Трэба да Язевічыхі бегчы, хай сурокі здыме, а то яшчэ якая халера накінецца.

І жанкі, не згаворваючыся, навыперадкі пабеглі ў супрацьлеглы канец вуліцы.

 

Ля крайняй хаты, як заўсёды такім часам, завіхаўся Язевічысін зяць – участковы Міхноў. Зяць жыў у райцэнтры, гойсаў па наваколлі на матацыкле і часцяком завітваў да цешчы на абед. 

Дастаўшы з калодзежа поўнае вядро, Міхноў шухнуў ваду на матацыкл, дробныя кроплі даляцелі да кабет, пры гэтым бабуля Польця незадаволена пырхнула, а Нюрка плюнула праз левае плячо.

– Чаго, Нюрка, твар захінаеш? Думаеш, не пазнаю? – крыкнуў участковы, і жанчына, прыкрываючы далонню заплылае вока, нячутна вылаялася. 

– Увесь двор завэзгаў, апівуда, – прабубнела Язевічыха, вітаючыся з сяброўкамі. – Зяця свайго старая люта ненавідзела, і ўсім скрозь казала, што Міхноў прагне загнаць яе ў магілу ды перапісаць на сябе хату. 

– Толькі што курыца падохла! – задыхана прамовіла ў адказ Польця, спатыкнуўшыся на парозе. – Няйначай, чорт гэты звёў са свету.

– Хто, зяць мой?!

– Ды не... фатограф... ну, што карткі павялічвае... – Польця развязала хусцінку, перавяла дых.

Пакуль сяброўкі аддыхваліся, у святліцы абудзілася радыёкропка і пачуўся знявечаны радыёшумамі голас Валянціны Церашковай: «Усе сістэмы касмічных чаўноў працуюць выдатна! Самапачуццё выдатнае! Працягваем выкананне праграмы сумеснага палёту».

– А ці не я вам казала: як толькі бабу запусцяць – чакай бяды. Прыдзе чорт на пагасціны.

– Твая праўдухна, – прастагнала Нюрка, выціраючы слязлівае вока ражком злінялай хусткі. – Як толькі ў хату ўвайшоў – я адразу зразумела, што гэта нячысцік. Вачыма так і свідруе, так і свідруе... І пах ад яго нейкі падазроны. Нашы мужыкі так не пахнуць.

– Дык а што ж цяпер рабіцьме? Сёння курыца падохла, а заўтра карова капыты адкіне. Ці хата агнём возьмецца, – прашаптала Польця.

– Ціпун табе... – буркнула Язевічыха, размашыста, усёй пяцярнёй перахрысцілася і, стаўшы на зэдаль, дастала з-за абраза пук сухога палыну. – А я яшчэ падумала: і хто гэта мне чыгуны ў печы пераставіў? Ажнуль во хто! 

Язевічыха чыркнула запалкамі, падпаліла пук, а задзьмуўшы агонь, стала абкурваць хату, мармычучы сабе пад нос: 

– Прэч, нячысцік, з маёй хаты... і не вяртайся сюды ніколі...

У прысценку між тым мацюкнуліся, і ў хату ўваліўся ўчастковы Міхноў. Кляцнуўшы носікам рукамыйніка, ён з гучным крэканнем пляснуў на твар халоднай вады і, чухаючы пальцам вуха, жартаўліва запытаўся:

– Вы там што, цёткі, мох замест “Беламору” смаліце?

– Каб цябе так пярун смаліў, – выдыхнула Язевічыха і, ужо на поўны голас паведаміла: – У пятніцу фатограф прыедзе, дык ты яго там, каля аўтобуса, пераймі. Партрэты возьмеш. Грошы мы ўжо заплацілі.

– А чые партрэты?

– Дзядзькі Міканора, матчынага брата, што ў мікалаўскую вайну загінуў. 

Міхноў зняў з цвіка ручнік, спытаў цётак – чаму фатограф не можа прынесці партрэты на дом, але тыя нічога не адказалі і выбеглі на падворак – абкурваць хляўчук і адрыну. 

 

Аўтобус – запылены аднадзверны “газон”, – жаласліва скуголячы на пад’ёмах, пад’язджаў да Азярышча. У салоне было горача, тлумна, і з Барыса за сямнаццаць кіламетраў дарогі сышло сем патоў. Ён прыспана торгаў носам і галава ягоная раз-пораз прымашчвалася на плячук мажной, гарадскога выгляду кабеты, што сядзела пад бокам. Кабета пры гэтым незадаволена торгала плечуком і каротка выдыхала: «Мужчына!» Барыс на імгненне абуджаўся, прыспана глядзеў на спадарожніцу, і зноў, з панылым адчаем абрыньваўся ў сон.

Скрозь скавытанне матору і мернае біццё крыві ў барабанных перапонках у сонную свядомасць прарываліся цьмяныя зыкі: гамана пасажыраў, гусінае гагатанне, уздыхі кабеты пад бокам і пад цяжкімі, працятымі сонечнымі промнямі павекамі, мільгнула раптам нечая пагрозлівая постаць. Чапляючыся за голыя ногі, што тырчэлі ў праходзе, ён пабег па вагоне, заляцеў у прыбіральню, адчыніў вакно, вылез вонкі і завіс на руках, з жахам назіраючы за размытай стужкай зямлі пад нагамі...

– Мужчына, ну што вы, далібог... – кабета тыцнула яму локцем пад драбы, адсунулася, на колькі можна, і Барыс чарговым разам абудзіўся.

Апошнім часам яму снілася адно і тое ж: як ён, пятнаццацігадовы юнак, скакаў, ратуючыся ад міліцыянта, з вагоне хуткага цягніка. 

Пазяхнуўшы на поўную губу, Барыс працёр вочы, зазірнуў у газеціну, якую разгарнула суседка. У газеце, амаль палову паласы, займаў здымак касманаўтаў: Церашкова з Быкоўскім ішлі, нага ў нагу, па дывановым ходніку. 

– Зірні, у Церашковай белыя «лодачкі», – прамовіла кабета, звяртаючыся да спадарожніцы, што сядзела ззаду. – У маёй сястры такія ж... Была ў яе неяк, прымерыла – як на мяне зробленыя.

– А дзе яна іх дастала? – запытала спадарожніца, і аўтобус рэзка загамаваў. 

За шыбамі ўзнялася пыльная кудаса, і пачуўся сіпаты вокліч:

– Шофер, вазьміце...

– Сядай, бабуля, – гукнуў шафёр, і ў аўтобус убілася Пелагея Катавод.

– Польця, ты адкуль? – крыкнула бабуля, што месцілася адразу ж за кіроўцам, трымаючы кош з двума гусакамі, і Польця, паправіўшы хусцінку, засакатала.

– Ай, во... сена варушыла на Дабранскай гары. Ды самлела на сонцы. Ледзь цягнуся. 

Фатограф узняў угору партфель, пасміхнуўся бабулі, як старой знаёмай, позіркі іх сустрэліся, і Пелагея, раскрыўшы шчарбаты рот, ударыла азадкам у дзверы.

– Адчыніце... ай, людцы добрыя! А ён жа мне хату спаліць! – загарлала старая, кіроўца на хаду расчыніў дзверы, і Пелагея Катавод кульнулася на кучу прыдарожнага жвіру.

– Польця, ты што, ашалела?! – крыкнулі з аўтобуса; кабета, што распавядала пра “лодачкі”, гучна пукнула; гусакі загарлалі, паспрабавалі ўзляцець і адзін з іх выбіў з рота ў кіроўцы прытухлую папяросу.

 

Аўтобус даў кругаля па пыльным пляцы і загамаваў ля прысадзістай, на два вянкі ўрослай у зямлю «Чайной». Пасажыры разам падхапіліся, рушылі да выхаду і вадзіла, прыпальваючы “северыну”, жартаўліва паківаў пальцам наравістаму гусаку.

Барыс борздка скочыў з прыступкі, абабіў нагавіцы, зірнуў з-пад рукі ў канец вуліцы ды зніякавеў, пачуўшы ўладны вокліч:

– Грамадзянін!..

Ля «Чайной» стаяў цёмна-сіні матацыкл, а на ім сядзеў, абапёршыся рукой на бензабак, чарнявы міліцыянт. Міліцыянт махнуў рукой, і Барыс, з апалай душой, ціснучы да грудзіны пацёхканы партфель, падышоў да матацыкла.

– Вашыя дакументы.

Плечы міжволі таргануліся, паказваючы, што ніякіх дакументаў няма, і міліцыянт прымірэнча кашлянуў.

– Кульгаеце пасля ранення?

Барысу б кіўнуць галавой, згадаць мясціну – дзе яго параніла, але ён быў з тых людзей, якія ніколі не маняць.

– Гэта яшчэ да вайны. З цягніка давялося скокнуць.

– А што так?

– Ды на вашага калегу ўзбіўся. Бацька ў мяне быў фатограф, рабіў розныя карткі. Ведаеце – «Кахай мяне, як я цябе»... і збоку ружа падмаляваная... 

– Бацька рабіў, а ты прадаваў?

Барыс уздыхнуў.

– У цягніках далёкага накіравання?

Давялося ўздыхнуць другім разам.

– Пад выглядам нямка?

Барыс панурыў вочы, а міліцыянт крутнуў ключ запальвання і, прасвятлеўшы з твару, палез у нагрудную кішэнь кіцеля.

– А вось такіх здымачкаў твой бацька, выпадкова, не рабіў?

Барыс дрыготкай рукой узяў фотакартку. Картка, на шчасце, была не ягоная. Гэта быў пераздымак з нейкага замежнага часопіса: крамяная дэвотка з голым азадкам гарэзліва глядзела цераз плячук, а на доле была падмаляваная няўклюдная, падобная на варону, галубка з канвертам у дзюбе, і чырванеў разгоністы надпіс: «Напішы мне пісьмо!»

– Не, гэта не наш жанр, – прамовіў Барыс, вяртаючы фотакартку.

– Добра, калі так... А то ведаеш, што бывае за выраб і распаўсюд парнаграфіі? – міліцыянт сцянуў з матацыклетнага вазка брызентавую апону, завёў матацыкл.

«З Атбасару, відаць, пазванілі», – з гэтаю думкаю Барыс залез у вазок, правёў рукой па гарачым твары. Тут, на новым месцы, ён яшчэ не прадаў аніводнай фотакарткі. Зрабіў, праўда, невялікую партыю з выяваю Валянціны Церашковай, і нават дамовіўся з адным інвалідам наконт рэалізацыі, але перадаць здымкі, на шчасце, не паспеў. «А можа гэта інвалід заклаў? Завязуць зараз у міліцыю, потым учыняць ператрус, і аднаногі гаўнюк будзе за панятога».

Матацыкл, аднак, паехаў не ў бок райцэнтру, а зусім у іншым накірунку.

– Бацька жывы, ці як?.. – крыкнуў, насупраць ветру, міліцыянт.

– Загінуў... пад Кіевам, – голасна азваўся Барыс і міліцыянт – а можа, гэта толькі здалося – спачувальна кіўнуў галавой.

Разганяючы з дарогі курэй і качак, службовы К-750 праехаў па бальшаку, завярнуў да клуба і спыніўся ля парога пашарпанай кінабудкі.

– Ну, што сёння круціш, Лёха?

Пытанне гэтае міліцыянт адрасаваў высокаму й такому ж, як кінабудка, пашарпанаму дзецюку, які з’явіўся на парозе.

– «Чалавека-амфібію». Цэлы год прасіў, толькі цяпер прыслалі. І то трэцяй катэгорыі. Не ведаю, як дэманстраваць. Адны парывы.

Дзяцюк уздыхнуў, выцер пот з лабаціны, і Барыс зразумеў, што той пакутуе ад пахмельнай хваробы.

Яны зайшлі ў кінабудку. Тут было прахалодна, прыцемна, і пахла мышамі.

– Пагаварыць трэба... з грамадзянінам, – суворым голасам прамовіў міліцыянт, і калі дзяцюк, удругарадзь уздыхнуўшы, падаўся да дзвярэй, Барыс піхнуў яму ў руку сем рублёў – усе тыя грошы, якія меў у кішэнях. Кінамеханік няўлоўным рухам падхапіў грошы, а міліцыянт, на радасць Барысу, крыкнуў яму ўслед: – І на зуб што-небудзь арганізуй!

Мерна рыпаючы хромавымі ботамі, міліцыянт прайшоўся ад сценкі да сценкі, падхапіў з перамотачнага стала афішу з выяваю кінаактора Коранева – выканаўцы ролі Іхтыяндра, – акінуў яго пільным міліцэйскім вокам і знянацку запытаўся:

– Колькі вы тут ужо ў нас?

– Трэці месяц, – трапяткім голасам адказаў Барыс і адкашляўся.

– А дагэтуль дзе пражывалі? 

– На цаліне. Горад Атбасар Акмолінс… э-ээ… Цалінаградскай вобласці.

– А ў каго жывяце?

– У роднай сястры. Працуе на тэкстыльнай фабрыцы.

Міліцыянт крэкнуў, падхапіў з кута кавалак тоўстай супрацьпажарнай тканіны – яе накідваюць на кінапраектар, калі той займецца агнём, – хацеў, відаць, пашараваць прапыленыя боты, ды нечакана запытаўся:

– Партрэты прывёз?

Барыс сцепануўся. «Гэтаму не набрэшаш. Усё ведае», – мільганула неспакойная думка і ён запабежліва раскрыў партфель.

– Трое замоўцаў. Абяцаў сёння занесці. Там і прозвішчы напісаныя. На адвароце.

– Раз абяцаў, значыць, занясем.

Міліцыянт прачыніў дзверы, выглянуў на падворак.

Дзесьці непадалёку покаў футбольны мячык, і чуліся дзіцячыя галасы. 

– Гэй, гвардзейцы! Давай сюды!

На падворку затупалі, і міліцыянт жартам прыклаў руку да брылька:

– Здравія жалаю, гвардзейцы! Пелагею Катавод, Нюрку Марковіч і Язевічыху ведаеце?

– Ве-едаем! – хорам адказалі з надворку. 

– Занясіце ім гэтыя партрэты. Зразумелі? Усё! Адна нага тут, другая там, – выгукнуў міліцыянт, і калі на падворку ізноўку затупалі, засвістаў падшыванцам услед.

Рэха вясёлага свісту адбілася ў душы; душа выпрасталася, памкнулася ўгору, і Барыс, пазіраючы на міліцыянта, захоплена падумаў: «Свой хлопец!»

 

Неўзабаве ў кінабудку вярнуўся гаспадар. Ён прынёс тры бутэлькі «маскоўскай» і бляшанку кансерваў «Пячонка траскі». 

– Дваццаць капеек вінен застаўся, – з гэтымі словамі “кіншчык” выставіў справунак на перамотачны стол і зноўку знік за дзвярыма.

Міліцыянт падхапіў бутэльку, абабіў сцізоркам сургуч з бутэлькі.

– Ну што, возьмем? – буйны струмень напоўніў на дзве траціны мутную «малянкоўку». 

Барыс кіўнуў у бок дзвярэй, маўляў, трэба пачакаць гаспадара, але міліцыянт уладна махнуў рукой: 

– Цягні... Яму шмат нельга. Кіно трэба круціць.

Гарэлка прайшла ў нутро з напругай. 

Міліцыянт, кульнуўшы шклянку, таксама скрывіўся і, «закусіўшы» рукавом, стаў ускрываць сцізоркам бляшанку.. 

– Хоць бы «часціка» ўзяў... зноў гэтая печань... у рот не лезе.

Тут жа яны выпілі па-другой. Гэтым разам міліцыянт гучна ікнуў, задаволена пацёр далоні.

– Не, далібог, прыдушу калі-небудзь коргу лупатую.

Міліцыянт не патлумачыў – каго збіраецца душыць, і Барыс таропка напоўніў шклянку.

– Уяўляеш, я ёй хату шыферам пакрыў, святло правёў, падсвінка з базару прывёз, а яна на мяне ў абласную ўправу паперу накатала. Ну задушыў бы, змяюку! – міліцыянт ляснуў кулаком па перамотачным стале, і суразмоўніку давялося ўтаймоўваць бутэльку, якая ледзь не звалілася долу. У гэты момант за спінай шаргатліва затупаў кінамеханік.

– Хлеба з суботы не вязуць. Во, выпрасіў у маткі, – “кіншчык” паклаў на стол кавалак хатняга хлеба, шмат зжаўцелага сала і пук зялёнай цыбулі.

– А што, матка хлеб пячэ? – запытаўся асмялелы Барыс, хуценька, як той певень даўгую травіну, жуючы адразу тры цыбулевых пёры.

Кінамеханік нічога не адказаў, бо ўважліва глядзеў на паўнюткую шклянку, і толькі выпіўшы трунак, сіпата прамовіў: 

– Пячэ... ды, кажа, мука патрэбна шатраваная. 

– Бабы хлеб пякуць, зяцю чарку падносяць, а гэтая ж, с-сука... – страшным голасам выдыхнуў міліцыянт, і кінамеханік, якому, відаць, даўно абрыдлі такія нараканні, падхапіўся, уключыў прайгравальнік, і кінабудка скаланулася ад бадзёрага рытму «Кукарачы».

– Зноў уключыў гэтую херню! – міліцыянт расшпіліў кіцель. – У цябе Раберціна Ларэці ёсць? 

– Хто?! – перапытаў Лёха.

– Дзед Піхто, – выдыхнуў, аддзімаючыся пасля гарэлкі, міліцыянт. – Сядзіш як той барсук у нары... не ведаеш – што ў свеце дзеецца. Ты хоць пра Церашкову чуў?

– Чуў, – азваўся Лёха, – кажуць, яны з Быкоўскім на арбіце... гэта самае... Дзеля навуковага эксперыменту.

Міліцыянт хмыкнуў, але потым, нібыта згадаўшы пра штосьці, дакорліва павёў брывом.

– Яны ж у розных ракетах лёталі, як жа яны маглі...? Ты ўвогуле канчай такія размовы. А то я табе хутка... язык у калоду зацісну.

– Ды я нічога. Гэта ж людзі кажуць.

– Лю-удзі... Гэта якія людзі? Можа, цешча мая? – міліцыянт палез пад стол за другою пляшкай, з пакутлівым уздыхам запытаўся Барыса: – Цешчу маеш?

– Памерла, – адказаў Барыс, і суразмоўнік, ляснуўшы бутэлькай па стале, ці то жартам, ці то ўсур’ёз, прамармытаў: – Шчаслівы чалавек.

 

Другую бутэльку пілі павольна і з асалодаю. Лёха пры гэтым ладна захмялеў, і Пятровіч – так звалі міліцыянта, – больш яму не наліваў. Падпёршы даланёю шчаку, “кіншчык” асавела глядзеў на шклянку і, шморгаючы носам, наракаў на свой незайздросны лёс. Лёху, як высветлілася, даводзілася не толькі «круціць кіны», але й касіць сена для калгаса, нарыхтоўваць для клуба дровы, а таксама – апавядаючы пра гэта Лёха нават заплакаў – удзельнічаць у мастацкай самадзейнасці: граць Чорта ў гогалеўскай п’есе.

Пятровіч слухаў Лёхавыя аповеды краем вуха, а пачуўшы пра мастацкую самадзейнасць, упрыкмет пажвавеў. Хвіліну, з іранічнай усмешкай, ён вывучаў асавелы Лёшкаў твар, потым задаволена рагатнуў: 

– Падобны! Можаш граць Чорта без усялякага грыму.

Лёха жарту не зразумеў: 

– Як гэта без грыму? Мяне ж сажай перапэцкалі, і лыч з рагамі пачапілі.

– А дзе той лыч? – Пятровіч абмакнуў у алеі, што заставаўся ў бляшанцы, хлебную скарынку. 

Хітаючыся, Лёха выйшаў з кінабудкі, зайшоў у клуб – было чутна, як ён грукнуў дзвярыма, – і праз колькі часу паўстаў у абліччы мастацка-самадзейнага Чорта.

Маска была зроблена з паралонавай вяхоткі: фарбаваны чорнай фарбай лыч трымаўся на гумцы, а ад лыча ішлі два правадкі, на якіх дробна дрыжэлі рогі, прычым адзін рог быў напалову адарваны.

Следам за Лёхам маску прымерыў Пятровіч і, страшэнна задаволены, наліў кінамеханіку амаль поўную шклянку.

 

Гарэлка была выпітая, пячонка траскі даедзеная, бляшанка вынесеная на парог, дзе яе ўзяўся вылізваць аграмадны чорны кот, што круціўся ля будкі, і Пятровіч, наставіўшы на кінамеханіка лісліва-лагодныя вочы, ледзь чутна прамовіў: «Лёша!»

Кінамеханік п’янавата агледзеўся, не цямячы – хто назваў ягонае імя, а потым гэтак жа ціха прамармытаў:

– Няма... ніхто не гоніць...

– Лёша... трэба, – ужо голасна прамовіў Пятровіч, і той, да каго ён звяртаўся, павагаўшыся, з цяжкасцю падняўся на ногі.

Вярнуўся Лёха надзіва хутка, трымаючы ў руках заторкнутую кавалкам газеціны бутэльку з-пад шампану. Пятровіч пляснуў у ладкі, адкаркаваў бутэльчыну.

– Самагонка Сцепулёвая? Па паху чую! Ох, штрафану я гэтага Сцепуля... далібог, штрафану! Цікава – дзе ён дрожджы дастае?– у голасе міліцыянтавым, нягледзячы на роблена-суворыя ноткі, чулася шчырае захапленне.

Кульнуўшы самагонкі, “кіншчык” кульнуўся і сам: паваліўся разам з услонам на цэментавую падлогу, і давялося яго падымаць ды класці, крэкаючы ад натугі, на перамотачны стол. Барыс піхнуў пад голаў небараку парусінавы туфель, што зваліўся з Лёхавай нагі, наструнена запытаўся:

– А як жа ён будзе «Амфібію» круціць?

– Што яму... упершыню... за яго жонка круціць.

Самагонка забірала як мае быць. Ужо ад першай чаркі ў галаве забомкалі званы, кінабудка забрыніла ўваччу, і Барыс, слаба цямячы, што да чаго, памкнуўся да выхаду.

– І сапраўды, трэба выйсці да ветру, – выгукнуў Пятровіч, заторкнуўшы недапітую бутэльку папяровым пыжом.

Што было потым – Барыс цьмяна ўяўляў. Аднекуль, як з глыбокай бочкі, далятала стракаценне матацыкла, хтосьці ляпаў яго па карку, некуды цягнуў. На кароткае імгненне свядомасць праяснела, ён адчуў, што ляжыць на капе ці то сена, ці то саломы, і пачуў зняможаны голас Пятровіча: «Яшчэ чарку возьмеш?»

Абудзілі яго раскоцістыя грымоты. Барыс расплюшчыў вочы, і ў гэты міг задушлівы прыцемак асвятліла зыркая маланка.

Галава балела, у роце было як насцана, усё цела шчымела, і Барыс, памацаўшы ўзмакрэлую прамежнасць, зразумеў, што яго пакусалі рудыя мурашкі.

Яны ляжалі з Пятровічам непадалёку ад бальшака, на капе свежаскошанай травы; Пятровіч страшэнна, з буркатлівымі абертонамі, хроп у абдымку з бутэлькай, і давялося доўга трэсці яго за рукаво, а потым ляпаць даланёю па халяве запыленых ботаў.

Міліцыянт раздзер павекі, з вохканнем прыўзняўся на локце, пацёр даланёю патыліцу.

– Ой, бля-а...

Пасёлак, відаць, быў непадалёку, бо разам з грымотамі цёплы ветрык даносіў каровінае рыканне, гарланне ўстрывожаных блізкай навальніцай пеўняў і глухую людскую гаману – у клубе, відаць, скончыўся фільм.

– Пахмяліцца трэба, а то памру... пры выкананні службовых абавязкаў, – Пятровіч прыпаў да рыльца пустой бутэлькі, шпурнуў пасудзіну ў кусты.

– Вернемся, дождж перачакаем, – Барыс кашлянуў, прачышчаючы пераселую глотку. – Да таго ж, я партфель у Лёхі забыўся.

– А я фуражку... на кінапраектар павесіў... – Пятровіч пакутліва паморшчыўся. – У каргі ёсць бутэлька віна. Але ж гэтая курва хутчэй памрэ, чым дасць пахмяліцца.

Яны падняліся на ногі, няпэўным крокам пайшлі да матацыкла.

– Слухай, я сам хацеў... Але ў цябе лепш атрымаецца.

Барыс, не зразумеўшы, пра што размова, наставіў на сабутэльніка ашклянелыя вочы.

– Пужнем маю «маму», каб ёй болей чэрці не мроіліся, – Пятровіч выцягнуў з матацыклетнага бардачка ліхтарык, кінуў Барысу. 

– А можа не варта... стары чалавек...

– Не сцы... гэтая корга цябе перажыве, – выгукнуў Пятровіч і ўладным кіўком загадаў пхаць матацыкл, каб выкаціць на бальшак.

 

Пятровіч загамаваў ля самых весніц, аглушальна газануў і толькі тады заглушыў матор. 

– Зараз мы ёй пакажам… мастацкую самадзейнасць. Грукай, толькі як мае быць... пятым сталінскім ударам.

Хмель яшчэ не выпетрыўся з галавы. Барыса хітнула, і ён, перабіраючы пальцамі штыкетнік, рушыў да хаты. Маланка высветліла высокі ганак, вышчарблены парог, жалезную клямку на дзвярах. Неўзабаве за дзвярыма грукнула вядро, і пачулася незадаволенае мармытанне: «Каб ты скруціўся, п’янюга... Няма спакою ні днём, ні ноччу...»

Барыс таропка, дрогкімі рукамі, насунуў на нос лыч, падсвяціў яго ліхтарыкам.

– Ай, хто гэта?! – спалохана гойкнула Язевічыха, і ў тое ж імгненне парог пад Барысавымі нагамі здрыгануўся, і ў прысценку – цяпер ужо з аглушальным зыкам – бразнула і пакацілася па падлозе пустое вядро.

Пятровіч заклапочана выплыў з цемры. Убіўшыся ў прысценак, зяць укленчыў, прыпаў вухам да цешчынай грудзіны. Пару хвілін ён рабіў цешчы штучнае дыханне, нарэшце мацюкнуўся і вылез на парог.

– Стой тут, а я па фельчара пабягу... – Пятровіч яшчэ раз мацюкнуўся і, ужо на бягу, незадаволена прасіпеў: – Здымі ты... йоп...

Што там трэба зняць, Барыс спачатку і не зразумеў, ды тут жа, з адчаем намацаўшы чортаў лыч, здзер яго з носа і піхнуў у кішэню.

 

Хвілін праз пятнаццаць, у самую залеву, дарэшты ацверазелыя, яны ляцелі па бальшаку, і Барыс, заплюшчыўшы вочы, ліхаманкава мармытаў малітву, якую, у далёкім маленстве, яго навучыла маці. Фельчар быў у адпачынку, дазваніцца да «хуткай дапамогі» не ўдалося – тэлефон у пасёлку не працаваў, таму, узгрувашчыўшы самлелую бабу ў вазок – адна нага не змясцілася і ляжала паўзверх вазка, – яны ляцелі ў райбальніцу, і матацыкл, налятаючы на калдабаны, раз-пораз адрываўся коламі ад зямлі.

«Хана... не даедзем... разаб’емся!» – мітусіліся ў галаве панічныя думкі, а калі матацыкл пайшоў на паварот, і вазок адарваўся ад зямлі на добрых паўметра, Барыс куснуў Пятровіча за мокрую спіну і малітоўна прастагнаў:

– Цішэй... не даедзем.

– Даедзем, бл-ляха! – крыкнуў, адплёўваючыся дажджавою вадой Пятровіч.

На імгненне, калі матацыкл паехаў па нечым гладкім, Барыс размежыў павекі. Пасма мокрых валасоў узбілася на вочы, таму ён убачыў толькі мокрыя дошкі пад нагамі ды шэрыя парэнчы маста пад самым бокам. А яшчэ ўгледзеў, як ачунялая корга – відаць, з перапуду – убрыкнула Пятровіча нагою пад локаць. Матацыкл кінула спачатку ўлева, потым управа, парэнча з глухім трэскам пераламілася, і ў паветры, асветленыя злавесным святлом маланкі, мільганула ільснянае галіфэ і такі ж ільсняны хромавы бот, які нечакана аддзяліўся ад нагі і паляцеў... Зрэшты, куды паляцеў бот, Барыс не паспеў заўважыць, бо абрынуўся ў халодную ваду. Дно было пясчанае, і гэта змягчыла ўдар. Не разумеючы – што з ім і дзе ён, Барыс рушыў да берага, балазе, вады было па грудзіну, і натыкнуўся на ашалелую Язевічыху. Тая канчаткова апрытомела і адчайдушна лупіла па вадзе рукамі і нагамі. 

– Лётаем, як Церашкова з Быкоўскім, – пажартаваў Барыс, дапамагаючы цётухне выбрацца на бераг, і ў адказ на той недарэчны жарт Пятровіч, харкнуўшы рачною тванню, знясілена прастагнаў:

– Кале-ена…

 

Пад раніцу, дарэшты мокры, прыпадаючы адразу на дзве нагі, Барыс уваліўся ў сестрыну хату і таропка, не патрапляючы рукамі ў рукавы ды калашынне, пачаў пераапранацца.

– Дзе ты быў? Чаго ты ўвесь мокры? – прыспана запыталася сястра Клава.

– Чаго мокры... Дождж вунь які прайшоў... Аж дарогі паразмывала, – Барыс падцягнуў услон, стаў здымаць з шыфаньера парэпаную валізу.

– Божухна, куды ты проці ночы сабраўся?

– У Атбасар. Пабуду там які месяц, потым вярнуся. Ты вось што... – Барыс прыцішыў голас, – калі хто будзе пытаць, скажы – паехаў, а куды – не сказаў.

– Ну чаго ты матляешся па свеце? Толькі што прапісаўся... Працаваць стаў...

– Праца ад мяне не збяжыць, яна заўсёды са мной, – расчулена прамовіў Барыс і чмокнуў сястру ў цёплую скронь.

 

У цёмным і душным вагоне Барыса адразу ж пачало хіліць на сон; ён таргануў пару разоў носам, збіраўся лезці на паліцу, ды тут па праходу, свецячы на бокі ліхтарыкам «жучок», прайшлі два міліцыянты. Сон зляцеў з павекаў, і рука пацягнулася да валізы. Бразнуўшы зашчапкамі, Барыс азірнуўся, агледзеў сонных пасажыраў і, намацаўшы ўкручаны ў ручнік стос падрыхтаваных да продажу фотаздымкаў, крадком піхнуў яго ў прарэху расшпіленай кашулі...

У вагоннай прыбіральні ён расчыніў вакно, вытыркнуў галаву ў вузкую пройму і захлынуўся ад волкага паравознага дыму. Неба на ўсходзе ўжо ружавела і залівала пяшчотнай ружавізною бярозавы гай, які плыў насустрач дыму, бясконцымі белымі крэскамі пазначаючы далягляд; насустрач, узняўшы ўгору кароткія крылы, жывымі істотамі ляцелі семафоры, і Барысу здалося, што гэта менавіта тая мясціна, дзе ён ляжаў калісьці са зламанай нагой, і, уражаны такім адкрыццём, шпурнуў насустрач волкаму ветру стосік фотакартак. Адна з іх заляцела ва ўнітаз. Перафатаграфаваная з «Огонька» Валянціна Церашкова пасміхалася з ілюмінатару нехлямяжай, падобнай да гарбуза ракеты, і праз увесь фотаздымак ляцеў імклівы надпіс: «Прывітанне з арбіты!» Збіўшы апошнія кроплі, Барыс уздыхнуў, націснуў понаж, і ў прадонні вагоннага ўнітазу, як у тым ілюмінатары, размытай плямай мільганула зямля.

 

 

* * *

«Дарагі браце!

У мяне ўсё добра. Жыву, працую. Наша брыгада змагаецца за права насіць імя лётчыка-касманаўта СССР Валянціны Церашковай: яна ж таксама была ткалляй. А больш ніякіх навінаў няма.

Барысе! Тут днямі заходзіў чалавек на мыліцах, пра цябе спытваў. Прасіў перадаць, што Язевічыху выправілі ў дурдом, а сам ён, відаць, атрымае інваліднасць. Казаў, каб ты хутчэй вяртаўся. У прамкамбінаце таксама бядуюць, што ты з’ехаў. Нават грошы аддалі з тваёй зарплаты, прычым без усялякіх пісьмовых даручэнняў. Так што прыязджай, чакаю. Будзеш ехаць праз Маскву, прыхапі, калі ласка, пару кіло мукі альбо якіх крупаў, а то ў нашых крамах пуста. Цалую.

Твая сястра Клава».

 

Надрукавана ў 51-м нумары "Дзеяслова".

dziejaslou.by

 

[TypeError] 
count(): Argument #1 ($value) must be of type Countable|array, bool given (0)
/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/templates/ibwm/components/bitrix/news/news/bitrix/news.detail/.default/template.php:50
#0: include
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:790
#1: CBitrixComponentTemplate->__IncludePHPTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:885
#2: CBitrixComponentTemplate->IncludeTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:784
#3: CBitrixComponent->showComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:724
#4: CBitrixComponent->includeComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/components/bitrix/news.detail/component.php:515
#5: include(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:615
#6: CBitrixComponent->__includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:692
#7: CBitrixComponent->includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/main.php:1195
#8: CAllMain->IncludeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/templates/ibwm/components/bitrix/news/news/detail.php:16
#9: include(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:790
#10: CBitrixComponentTemplate->__IncludePHPTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:885
#11: CBitrixComponentTemplate->IncludeTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:784
#12: CBitrixComponent->showComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:724
#13: CBitrixComponent->includeComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/components/bitrix/news/component.php:336
#14: include(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:615
#15: CBitrixComponent->__includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:692
#16: CBitrixComponent->includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/main.php:1195
#17: CAllMain->IncludeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/news/index.php:107
#18: include_once(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/include/urlrewrite.php:184
#19: include_once(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/urlrewrite.php:2
----------