Вольга Гапеева прэзентавала сваю новую кнігу "Прысак і Пожня"

21 снежня адбылася прэзентацыя кнігі Вольгі Гапеевай “Прысак і Пожня”. Імпрэзу, праведзеную пры падтрымцы кампаніі "Будзьма беларусамі", наведалі не меней за трыццаць чалавек.

Наста Лабада і Вольга Гапеева

На пачатку вечарыны мадэратарка Наста Лабада прывітала ўсіх прысутных і прадставіла аўтарку, а таксама патлумачыла, чым выкліканы выбар месца правядзення прэзентацыі – Цэнтр міжнародных даследаванняў (шведскі цэнтр).

Прэзентацыя пачалася з дэманстрацыі відэа-роліка – бук-трэйлера да кніжкі “Прысак і пожня”, пасля чаго аўтарка распавяла гісторыю ягонага стварэння і пра сітуацыю з бук-трэйлерамі на Беларусі. Мадэратарка і аўтарка вялі размову наконт важнасці паэзіі ў нашым жыцці, а таксама пра сувязь паэзіі з іншымі відамі мастацтва, у прыватнасці, з музыкай і відэа.

Наступным пунктам было відэа з музычным трэкам “Метро”, якое падрыхтаваў Улад Бубен на паэму Вольгі Гапеевай “Метро”.  Пасля ішла размова пра супрацоўніцтва паэткі з музыкам Уладам Бубенам, пра іхні выступ на Люблінскім тэатральным фестывалі.

Наста Лабада разыграла прызы ад кампаніі “Будзьма”. Мадэратарка прасіла чытачоў па слове ці вобразу адгадаць пэўныя вершы спадарыні Гапеевай.

Наступнай выступіла Ірына Герасімовіч, якая падзялілася сваім бачаннем паэзіі Вольгі і прапанавала прысутным пакінуць аўтарцы свае пажаданні, падпісаўшы ёй экзэмпляр кнігі.

Цягам вечарыны Вольга Гапеева чытала свае вершы.

budzma.org