«Восеньскі бліц» — пісьменніцкі шахматны турнір прайшоў у Мінску (+ФОТА)

Пераможцамі сярод жанчын сталі Людміла Паўлікава-Хейдарава (1 месца), Валянціна Осіпава (2 месца). Сярод мужчын былі ўганараваныя Вольф Рубінчык (1 месца), Іван Клімянкоў (2 месца), Васіль Жуковіч (3 месца).

Таксама пісьменнікі-шахматысты, сябры СБП абмеркавалі і адобрылі адкрыты ліст да Мінскага гарвыканкама, прапанаваны Вольфам Рубінчыкам з нагоды хуткага юбілею Уладзіміра Караткевіча. Прадстаўляем тэкст гэтага ліста.

Злева направа: Валянціна Осіпава, Вольф Рубінчык, Людміла Паўлікава-Хейдарава, Васіль Жуковіч, Іван Клімянкоў

Уверсе: Валянціна Осіпава, унізе: Васіль Жуковіч, Іван Клімянкоў; Вольф Рубінчык

Галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы,

культуры і па справах моладзі

Мінскага гарвыканкама

220006, г. Мінск,

вул. Маякоўскага, 22, корп. 2

 

Шаноўнае спадарства!

 

Ласкава просім перадаць членам Камісіі па найменаваннi i перайменаваннi праспектаў, вулiц, плошчаў i iншых састаўных частак г. Мiнска прапанову сябраў Саюза беларускіх пісьменнікаў: назваць вуліцы ў Мінску імёнамі Гервасія ВЫЛІВАХІ і Алеся ЗАГОРСКАГА – вядомых персанажаў твораў класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча (1930, Орша – 1984, Мінск).
Выліваха – герой напісанай у 1960-х гадах аповесці-легенды «Ладдзя роспачы», адважны дваранін, які перамагае Смерць у гульні ў шахматы і такім чынам ратуе ад яе людзей. Загорскі – герой рамана «Каласы пад сярпом тваім» (1962–1964) і аповесці «Зброя» (1964), беларускі князь, змагар за народнае шчасце. Увекавечыць Выліваху і Загорскага ў тапаніміцы Мінска было б разумна з некалькіх прычын:

1)     Вуліцы Вылівахі і Загорскага сталі б данінай памяці пісьменніку, якому 26 лістапада 2015 г. магло б споўніцца 85 гадоў. Заўважым, што ў Мінску няма ні вуліцы, ні завулка Уладзіміра Караткевіча, які звыш 20 гадоў (1962–1984) жыў і працаваў у нашым горадзе. У 1964 г. недалёка ад аэрапорта «Мінск-1» з’явілася вуліца яго фамільянта, падпольшчыка часоў Вялікай Айчыннай вайны Дзмітрыя Караткевіча (1904–1943).

2)     Вуліцы Вылівахі і Загорскага павялічылі б цікавасць жыхароў нашага горада, дый іншых населеных пунктаў, да айчыннага прыгожага пісьменства.

3)     Вуліцы Вылівахі і Загорскага, будучы адзінымі ў свеце, без сумневу, прыцягнулі б у Мінск дадатковую колькасць турыстаў.

Для даведкі: практыка надання вуліцам імёнаў міфалагічных і літаратурных герояў існуе ў самых розных краінах. Так, ва ўсходнім Берліне ёсць вуліца Ларэлеі (Loreleystrasse), у Варшаве – вуліца Віні-Пуха (ulica Kubusia Puchatka), у расійскай Элісце – праспект Астапа Бэндэра, і г. д.

Спадзяемся на падтрымку нашай ініцыятывы Галоўным упраўленнем ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага гарвыканкама.

 

З павагай,

Мінск, 18 кастрычніка 2015 г.

Людміла Паўлікава-Хейдарава

Валянціна Осіпава 

Уверсе, злева направа: Васіль Жуковіч, Людміла Паўлікава-Хейдарава, Валянціна Осіпава, Іван Клімянкоў; унізе: Васіль Жуковіч

Граматы пераможцаў лаўрэаты атрымалі з рук Старшыні ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" Барыса Пятровіча

Фота: Віка Трэнас

Дзякуем Анатолю Івашчанку за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"